web analytics
У Віцебску - новыя затрыманьні » article » За правы чалавека

У Віцебску - новыя затрыманьні

25 March 2013 | admin |

ZatrymannieАктывісты БХД і Партыі БНФ затрыманыя ў Віцебску каля будынку суду Кастрычніцкага раёну, дзе праходзіў працэс над актывістамі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым. Як паведаміла каардынатарка БХД Тацьцяна Севярынец, актывісты спачатку прыйшлі ў Парк чыгуначнікаў, дзе зьбіраліся правесьці мерапрыемства да Дня Волі. Калі даведаліся, што ў гэты момант у судзе Кастрычніцкага раёну праходзіць суд над актывістамі Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым, то вырашылі падтрымаць іх.

Актывісты рушылі да суду: частка на машыне, частка на грамадзкім транспарце. Аднак, не праехаўшы і 300 мэтраў, аўто, у якім ехалі актывісты, было спыненае ДАІ, паведаміла Тацьцяна Севярынец: «Нас трымаюць ужо каля гадзіны. На кіроўцу склалі пратакол нібыта за парушэньне правілаў дарожнага руху. Мы з Аленай Шабуняй знаходзімся ў аўто. Тут шмат заўваг, што мы не прышпіліліся на заднім сядзеньні».

Тацьцяна Севярынец сказала, што ёй паступілі смс-паведамленьні ад двух актывістаў, якія накіраваліся грамадзкім транспартам да суду, аб затрыманьні Стаса Лаўрэнава і Аляксея Кішчука. Іх адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Пазьней сталі вядомыя падрабязнасьці: актывістаў БХД тры гадзіны пратрымалі ў пастарунку, пасьля чаго адпусьцілі, уцямна не паведаміўшы наконт прычыны затрыманьня.

Паводле Радыё Свабода і ўласная інфармацыя

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.