web analytics
Актывіст КХП-БНФ прайграў суд супраць ЖКГ » article » За правы чалавека

Актывіст КХП-БНФ прайграў суд супраць ЖКГ

23 February 2013 | admin |

Jan DziarzaucauУ Кастрычніцкім райсудзе Віцебску завяршыўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазову сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава супраць намесьніка гендырэктара УКВП «Віцебская гарадзкая ЖКГ» Вадзіма Ільінца. На думку палітыка, чыноўнік, не заключыўшы зь ім дамову на прыборку тэрыторыі пасьля правядзеньня меркаванага шэсьця і мітынгу, парушыў яго грамадзянскія і палітычныя правы ды прычыніў яму маральную шкоду. Судзьдзя Вікторыя Лешчанка пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды не задаволіла.

Не было задаволенае і другое патрабаваньне пазоўнай заявы: вынесьці асобнае вызначэнне ў дачыненьні да Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту аб неабходнасьці ўзмацненьня кантролю над выкананьнем патрабаваньняў дырэктывы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2.

У згаданай дырэктыве гаворыцца: «Фармалізм, цяганіна, паператворчасьць, фанабэрыя, непавага да людзей, абыякавасьць да іх лёсу і патрэб, якія праяўляюць некаторыя чыноўнікі, пра што сьведчаць звароты грамадзян, што паступаюць на разгляд кіраўніка дзяржавы, падрываюць іх давер да дзяржавы. Такі стан спраў недапушчальны».

Ян Дзяржаўцаў вымушаны быў зьвярнуцца ў суд пасьля таго, як у якасьці адказу на заяву ў «Віцебскую гарадзкую жыльлёва-камунальную гаспадарку» наконт заключэньня дамовы аб прыборцы тэрыторыі пасьля правядзеньня масавага мерапрыемства атрымаў чарговую адпіску за подпісам Вадзіма Ільінца. Апошні папросту «адфутболіў» заяўніка: напісаў, што па заключэньне дамоваў трэба зьвяртацца не ў яго прадпрыемства, а ў іншыя арганізацыі – «Гардармост» і «Зелянгас».

Існуе такое рашэньне Віцебскага гарвыканкаму – № 881: калі нехта хоча зладзіць мітынг, пікет ці вулічнае шэсьце – яму да заявы аб правядзеньні масавага мерапрыемства трэба прыкласьці копіі дамоваў аб прыбіраньні тэрыторыі з УКВП «Віцебская жыльлёва-камунальная гаспадарка» (а не зь нейкімі «Гардармостам» і «Зелянгасам», пра якія напісаў Ільінец), а таксама з мэдыкамі і міліцыянтамі аб абслугоўваньні падчас мерапрыемства.

Дамагчыся заключэньня патрэбных дамоваў з названымі службамі ня здолеў яшчэ ніхто. У выніку з-за невыкананьня рашэньня № 881 усе акцыі апазыцыянэраў, праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў, аб дазволе на якія падаюцца заяўкі, ужо цягам некалькіх год забараняюцца мясцовымі ўладамі.

Так здарылася і чарговым разам. Каб зладзіць акцыю, заплянаваную на 7 лістапада 2012 году, Ян Дзяржаўцаў папрасіў УКВП «Віцебская жыльлёва-камунальная гаспадарка» і іншыя службы заключыць зь ім дамовы, безь якіх аніяк не атрымаць дазволу на правядзеньне акцыі. Адбылося, як заўсёды: ніхто, спасылаючыся на розныя прычыны, дамоваў заключаць ня стаў. Вынік прадказальны: з прычыны адсутнасьці дамоваў гарвыканкам акцыю забараніў.

Ян Дзяржаўцаў лічыць, што калі існуе рашэньне гарвыканкаму № 881, дык яго павінны выконваць ня толькі грамадзяне, што хочуць зладзіць масавае мерапрыемства, але і ўстановы, пералічаныя ў рашэньні, зь якімі неабходна заключаць дамовы. На яго думку, і ЖКГ, і міліцыя, і лекары, адмаўляючыся заключаць дамовы, парушаюць правы грамадзян, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох, бо з-за іх адмоваў няможна праводзіць мірных сходаў.

«Груба парушыўшы дзеючае заканадаўства, намесьнік генэральнага дырэктара УКВП “Віцебская гарадзкая жыллёва-камунальная гаспадарка” В.І. Ільінец пазбавіў мяне магчымасьці падаць у Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт дамову на прыборку тэрыторыі пасьля правядзеньня масавага мерапрыемства. Адсутнасьць гэтай дамовы паслужыла прычынай адмовы мне ў правядзеньні шэсьця і мітынгу», – напісаў Ян Дзяржаўцаў у сваёй пазоўнай заяве.

«Я, зьяўляючыся даўнім і пасьлядоўным змагаром з праявамі шкоднаснай камуністычнай ідэалёгіі, імкнуся, па магчымасьці, публічна і адкрыта даносіць да жыхароў гораду Віцебску праўду аб злачынствах камуністычнага рэжыму супраць чалавечнасьці. Таму пазбаўленьне мяне гэткай магчымасьці прычыніла мне маральныя страты ў выглядзе нерэалізаванага жаданьня публічна выказаць свае палітычныя погляды, прадэманстраваць сваю прыналежнасьць да антыкамуністычнага руху. Сваім незаконным рашэньнем намесьнік генэральнага дырэктара УКВП “Віцебская гарадзкая жыллёва-камунальная гаспадарка” В.Р. Ільінец парушыў мае грамадзянскія і палітычныя правы», – гэтак абгрунтаваў Ян Дзяржаўцаў свой пазоў.

Невядома, чым кіравалася судзьдзя Лешчанка, прымаючы рашэньне. Але відавочна, што сваім рашэньнем яна разьвязала рукі чыноўнікам і дала ім магчымасьць надалей на ўласны одум не заключаць дамоваў з палітычнымі і грамадзкімі актывістамі на абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў і пазбаўляць іх тым самым права ладзіць мірныя сходы і публічна выказваць свае думкі.

Віцебская Вясна

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.