web analytics
Жыхары спаленай вёскі шукаюць справядлівасьці » article » За правы чалавека

Жыхары спаленай вёскі шукаюць справядлівасьці

28 January 2013 | admin |

Paulaviczy-5Пяцёра жыхароў спаленай вёскі Паўлавічы, што ўвайшла ў склад Першамайскага раёну Віцебску, у пошуках справядлівасьці зьвярнуліся ў пракуратуру, суд і да гарадзкіх чыноўнікаў. Прычым шукаць справядлівасьці выказалі гатоўнасьць толькі пяць зь дзевяці пацярпелых. Алена Каравіна кажа, што іншыя ня тое што зусім ня вераць у пэрспэктыву гэтай справы, але папросту ня ў стане з-за свайго ўзросту хадзіць па інстанцыях.

Нагадаем: летась 1 сьнежня на ўскрайку гораду спалілі вёску Паўлавічы. Усё адбылося на вачох людзей. Алена Каравіна, Мікалай Голубеў, Георгі Лабачоў, Тацьцяна Уліціна і Андрэй Салаўёў аб’ядналі свае намаганьні супраць тых, хто аддаваў загады паліць пабудовы. Каб паўнавартасна зьвяртацца ў дзяржаўныя структуры, яны падрыхтавалі ўсе неабходныя дакумэнты, у тым ліку даведкі аб уплаце падаткаў на нерухомасьць, на зямлю і г.д.

Зварот у пракуратуру Віцебску з просьбай расьсьледаваць ганебны выпадак падалі таксама праваабаронцы. Адтуль яны атрымалі фармальную адпіску (маўляў, гэта ня вашы дамы палілі, вы ня маеце да справы ніякага дачыненьня), але зварот у Генэральную пракуратуру меў станоўчы вынік — праваабаронцаў запэўнілі, што сытуацыю разгледзяць на месцы па сутнасьці. У выніку Менск усё ж такі даручыў пракуратуры Першамайскага раёну Віцебску высьветліць, наколькі законна дзейнічалі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў.

Алена Каравіна шчыра прызналася, што ня надта верыць у посьпех: “Мы вырашылі дабівацца хаця б кампэнсацыі за нашу зьнішчаную маёмасьць. Мы ня вельмі верым у посьпех, бо самі ж улады і парушылі ўсё што толькі можна было, а мы ім на іх жа і скардзімся. Але ўсё ж спадзяёмся на лепшае. Ва ўсялякім разе трэба дабіцца, каб зь іншымі такога не адбылося. Трэба зрабіць высновы з нашай трагедыі. І чыноўнікі павінны ведаць, што за ўсе свае дзеяньні давядзецца адказваць”.

“Народная Воля”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.