web analytics
Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць Віцебск » article » За правы чалавека

Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць Віцебск

19 January 2013 | admin |

Paval SieviaryniecСустаршыні аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) Паўлу Севярынцу дадзены трохдзённы адпачынак. Як паведамляе сайт БХД, Севярынец выкарыстае адпачынак для таго, каб зьезьдзіць дадому ў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога зь вёскі Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці, дзе палітык адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры № 7, да Віцебску і назад зойме каля паўтара сутак. Прыкладна столькі ж Павал зможа пабыць дома.

Апошні раз Севярынец наведваў Віцебск у ліпені мінулага году — тады яму таксама быў дадзены трохдзённы адпачынак.

Павал Севярынец асуджаны па крымінальнай справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ён кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты ад аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага. 16 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску прыгаварыў яго да трох гадоў абмежаваньня волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 26 ліпеня 2012 году Севярынцу было адмоўлена ў амністыі.

Да заканчэньня тэрміну пакараньня палітыку застаецца дзевяць месяцаў, нагадвае прэс-служба аргкамітэту БХД. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Севярынца палітычным вязьнем.

БелаПАН

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.