web analytics
Доктар Пастноў: Мэтады ўлады неадэкватныя » article » За правы чалавека

Доктар Пастноў: Мэтады ўлады неадэкватныя

21 December 2012 | admin |

Ihar PastnouВіцебскі ўрач выступіў зь відэазваротам да кіраўніка Віцебскага аблвыканкаму. Нядаўна дзіцячага ўрача віцебскай паліклінікі Ігара Пастнова пазбавілі пасады за публічную крытыку кіраўніка Віцебскай вобласьці Аляксандра Косінца. Ён казаў пра марнатраўства бюджэтных грошай і заняпад службы аховы здароўя на Віцебшчыне, публічна зьвяртаў увагу на недабудаваны хірургічны корпус анкалягічнага шпіталя, зацягнуты рамонт інфэкцыйнага шпіталя, кансэрваваньне будынку афганскага цэнтру.

20 сьнежня звольнены ўрач запісаў відэазварот і выклаў яго на YouTube:

«Я, Пастноў Ігар Аляксеевіч, дзіцячы доктар зь Віцебску, якога, не без удзелу нашага генэрала-губэрнатара, сёньня, пасярод зімы, выкідваюць на вуліцу за тое, што я ня згодны па многіх пытаньнях з палітыкай, якая праводзіцца нашым генэрал-губэрнатарам Аляксандрам Мікалаевічам Косінцам.

Сёньня многія знаёмыя пытаюць мяне: Ігар, навошта табе гэта трэба? Навошта табе трэба зьдзекавацца з маці, якая перажывае? Навошта табе трэба пазбаўляцца працы, магчыма - статусу, а магчыма нават і самога жыцьця? Дык вось, я, перш за ўсё, хацеў адказаць, што я гэта раблю, каб даказаць, што законнымі мэтадамі змагацца за свае правы можна.

Другое - я хачу паказаць, наколькі бяспраўныя сёньня мы, мэдыцынскія работнікі. Мала таго, што атрымліваем капейкі, дык яшчэ з кожным з нас можна, як з сабакам, расправіцца, ня маючы ніякіх прэтэнзіяў. І трэцяе - наколькі галаслоўныя іх словы, што яны клапоцяцца пра дзяцей, пра пацыентаў, пра жыцьці людзей.

Сёньня больш за пяць дзясяткаў бацькоў сабралі подпісы і паслалі памочніку прэзыдэнта, каб мяне аднавілі, каб са мной працягнулі кантракт, і я вярнуўся на ранейшае месца. Перш за ўсё, я хачу зьвярнуцца да генэрал-губэрнатара Аляксандра Косінца.

Глыбокапаважаны генэрал-губэрнатар, я лічу, несалідна так рабіць з чалавекам толькі таму, што ён першым з дактароў адмовіўся пасылаць дзяцей ва ўмовы казэмату інфэкцыйнага шпіталя, дзе нават здароваму чалавеку будзе складана. Ён першы сказаў пра непрыстасаванасьць другога шпіталя як мэдычнай установы, які нездарма ў народзе празвалі «далінай сьмерці». Я першы сказаў, што палітыка нашага генэрала-губэрнатара - гэта мыльная бурбалка за кошт набраных крэдытаў, якая хутка лопне, і ўсе ўбачаць, на чым яна грунтуецца - на сьлязох, на недахопу грошай або немагчымасьці нармальнага рамонту інфэкцыйнага шпіталя.

У мяне, напрыклад, сьлёзы зараз на вачох наварочваюцца, калі я бачу, што ўсё “лето красное пропели”, а зараз, калі ідуць дваццаціградусныя маразы, працягваюцца аздобныя працы, хоць відаць, што ўсё бурыцца проста на вачох. Я не магу гэта бачыць, як закопваюцца грошы. Генэрал-губэрнатар Косінец, яшчэ ў бытнасьць рэктарам (я адказваю за свае словы) расправіўся з шасьцю прафэсарамі, якія напісалі адкрыты ліст супраць яго тагачасных мэтадаў. Адзін з гэтых прафэсараў атрымаў сардэчны прыступ, астатнія пазбавіліся працы і пасад.

Мой выпадак ня першы, таму я хачу сказаць: не дачакаецеся. Народ, бацькі, дзеці падтрымалі мяне. Мэтады ўлады зараз вельмі неадэкватныя, баязьлівыя. Таму я хачу сказаць, што наша ўлада, на жаль, сёньня слабая. Слабая тым, што працуе толькі адзін чалавек, думае толькі адзін чалавек. На месцах чыноўнікі практычна адвучыліся думаць самастойна, менавіта таму яны робяць такія абсалютна неадэкватныя дзеяньні.

Сёньня мне забаранілі езьдзіць па раёнах, таму што баяцца, што я там буду агітаваць на пратэсты бацькоў супраць такіх вось дзеяньняў. Але бацькі і самі зьбіраюць подпісы, практычна без майго ўдзелу, яны абураныя такімі паводзінамі ўладаў. Усе цяпер убачылі, наколькі нашыя ўлады слабыя і наколькі іх дзеяньні прымітыўныя.

Хартыя ‘97

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.