web analytics
Актывістам БХД прысудзілі штрафы па 3 базавыя велічыні » article » За правы чалавека

Актывістам БХД прысудзілі штрафы па 3 базавыя велічыні

20 December 2012 | admin |

Tacciana Sieviaryniec, Stanislau Laurenau, Alaksiej KiszczukСудзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна ўзяла пад увагу паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў, якія заявілі, што двое віцебскіх прыхільнікаў БХД іх нецэнзурна абражалі. Суд над двума актывістамі праходзіў у габінэце судзьдзі. Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава прывезьлі на працэс зь ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе яны правялі мінулую ноч.

Аляксей Кішчук: «Нас затрымалі ўчора каля 11 раніцы — машыну, дзе мы ехалі, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны ж запатрабавалі нашы дакумэнты. У мяне не было пашпарту, таму загадалі ехаць у Першамайскі РАУС. На судзе супрацоўнікі ДАІ і спэцназаўцы расказвалі, нібыта мы лаяліся на іх матам. Хаця нічога такога не было і блізка. Пра Станіслава спачатку казалі, што ён адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаваньням міліцыянтаў, але такі пратакол не складалі. Судзілі нас толькі за хуліганства — за „нецэнзурную лаянку“, прысудзілі штрафы — кожнаму па 3 базавыя велічыні».

Аляксей Кішчук патлумачыў, што яшчэ 19 сьнежня іх вазілі ў суд. Але нават ня выпусьцілі зь міліцэйскай машыны: супрацоўнікі Першамайскага РАУС некуды патэлефанавалі, і хлопцаў без усялякіх тлумачэньняў павезьлі адразу ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Гэтая акалічнасьць дае падставы меркаваць, што затрыманьне Лаўрэнава і Кішчука было прэвэнтыўным, лічыць каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец:

«Іх адсочвалі з самага ранку, Аляксей і Станіслаў распавядалі, што за імі езьдзілі міліцэйскія машыны. Станіслава, які быў кіроўцам, ДАІ яшчэ аштрафавала на 650 тысяч за пратэрмінаваны тэхпашпарт, але гэта ўжо іншая справа… Я думаю, хлопцаў адмыслова трымалі пад вартай амаль суткі, пакуль было 19 сьнежня — каб ня зладзілі нейкай акцыі да ўгодкаў Плошчы. Дарэчы, супрацоўнікі Першамайскага РАУС канфіскавалі з машыны мядзьведзіка з плякатам „Будучы прэзыдэнт“ ды так і не аддалі, нават пасьля суду».

Радыё Свабода
Фота: Дыялёг (на здымку: Тацьцяна Севярынец, Станіслаў Лаўрэнаў, Аляксей Кішчук у будынку суду)

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.