web analytics
У Віцебску патрабуюць спыніць тэрор » article » За правы чалавека

У Віцебску патрабуюць спыніць тэрор

31 October 2012 | admin |

Spynicie terorУ самых людных месцах гораду сустракаецца зроблены праз трафарэт надпіс «Спыніце тэрор! Свабоду Дашкевічу!». Графіці ў Віцебску зьявіліся напярэдадні чарговага выязнога паседжаньня суду над палітвязьнем у Мазырскай калёніі. Лідэру «Маладога фронту» могуць зьмяніць пакараньне на суравейшае. «Гэта зьвязана з тым, што Зьмітра Дашкевіча прызналі злосным парушальнікам рэжыму», — паведаміла намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка, нявеста палітвязьня.

Яна дадала, што актывіст не мог стаць злосным парушальнікам рэжыму, бо адразу па прыбыцьці ў выпраўленчую калёнію № 20 Мазыра быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар, а затым — у памяшканьне камэрнага тыпу. «Дашкевіча чакае яшчэ адзін пакутлівы этап. Я думаю, што яго перавядуць альбо ў турму ў Жодзіна, альбо ў Гародні», — выказала здагадку Наста Палажанка.

Лідэр Маладога Фронту паступіў у мазырскую калёнію 19 верасьня. Праз два дні ён абвясьціў галадоўку ў сувязі зь «нялюдзкімі паводзінамі адміністрацыі калёніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага». Пасьля пераводу 4 кастрычніка ў памяшканьне камэрнага тыпу Дашкевіч спыніў галадоўку, патлумачыўшы гэта тым, што стаўленьне адміністрацыі калёніі да яго «кардынальна зьмянілася ў лепшы бок».

Зьміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі затрыманыя напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязьнямі.

“Наша Ніва”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.