web analytics
Віцебскіх чыноўнікаў пакаралі за парушэньне выбарчага заканадаўства » article » За правы чалавека

Віцебскіх чыноўнікаў пакаралі за парушэньне выбарчага заканадаўства

27 October 2012 | admin |

Pakarany czynounik«Упершыню былі пакараныя віцебскія раённыя чыноўнікі, якія дапусьцілі парушэньне правоў жыхароў двух “шматпавярховікаў” па вуліцы Броўкі. Некалькі соцень людзей не ўключылі ў выбарчыя сьпісы, пазбавіўшы іх магчымасьці волевыяўленьня на мінулых парлямэнцкіх выбарах», - адзначае Аляксей Гаўруцікаў, былы кандыдат у дэпутаты парлямэнту па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе № 18.

Давераная асоба Аляксея Гаўруцікава, віцебскі актывіст і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч яшчэ падчас выбачай кампаніі заўважыў, што ў выбарчыя сьпісы ня трапілі жыхары дамоў № 37 і № 39 па вуліцы Броўкі. Спадар Гаўруцікаў напісаў скаргу ў ЦВК, і памылку выправілі. Аднак былы кандыдат у дэпутаты патрабаваў, каб адказных асобаў пакаралі за парушэньне выбарчага заканадаўства. Гэтае яго патрабаваньне разглядалі больш за месяц. Толькі 25 кастрычніка ён атрымаў адказ зь Віцебскага аблвыканкаму за подпісам начальніка аддзелу кадрава-арганізацыйнай працы Л. Дарафеенкі. У лісьце паведамляецца, што вінаватых прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці: намесьніку кіраўніка Першамайскай раённай адміністрацыі А. В. Красакову абвешчаная заўвага, начальнік раённага аддзелу арганізацыйна-кадравай работы П. М. Сільчонак атрымаў вымову.

«Ня першы раз на выбарах “губляюць” дамы, але ўпершыню мы дамагліся, каб вінаватых пакаралі. Хаця і тут я ня згодны: вінаватыя ў недаглядзе чыноўнікі раённай адміністрацыі, і толькі яны! Аднак у лісьце з аблвыканкаму гаворыцца, што пакараны будзе і начальнік разьліковага цэнтру № 4 – пастаўлена пытаньне пра яго службовую неадпаведнасьць. А гэты чалавек не вінаваты абсалютна ні ў чым, ягоная праца ня мае аніякага дачыненьня да выбарчай кампаніі! У разьліковым цэнтры налічваюць квартплату, разьбіраюцца з даўжнікамі і г.д. Жыхары дамоў № 37 і № 39 па вуліцы Броўкі за кватэры плацілі, колькі стаяць гэтыя дамы – паўтара гады. Але пры чым тут выбары? Недакладнасьці ў сьпісах прапусьцілі раённыя чыноўнікі, іх і трэба караць больш сувора», - камэнтуе атрыманы адказ Аляксей Гаўруцікаў.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.