web analytics
Пракуратура Віцебскай вобласьці выявіла парушэньні ў кантролі над выкарыстаньнем зямель » article » За правы чалавека

Пракуратура Віцебскай вобласьці выявіла парушэньні ў кантролі над выкарыстаньнем зямель

26 October 2012 | admin |

Prakuratura Viciebskaj voblasciВорганамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзеная праверка выкананьня землеўпарадкавальнымі службамі мясцовых выканаўчых ворганаў улады заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні зямель. Пра гэта паведамілі ў Генэральнай пракуратуры. Асноўная ўвага была зьвернутая на якасьць і эфэктыўнасьць працы па выяўленьні зямель, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца нерацыянальна, іх пераразьмеркаваньні, канфіскацыі зямельных участкаў, выдзеленых для будаўніцтва і абслугоўваньня жылых дамоў, у асоб, якія не пачалі іх асваеньне.

У адпаведнасьці з даручэньнем прэзыдэнта мясцовыя выканаўчыя ворганы ўлады былі абавязаныя правесьці згаданую працу да 1 студзеня 2012 году. Вынікі праверкі сьведчаць пра тое, што ў многіх рэгіёнах вобласьці гэтае даручэньне выкананае ня ў поўным аб’ёме, канстатавалі ў Генпракуратуры.

Так, землеўпарадкавальнай службай Віцебскага гарвыканкаму не заўсёды выконваўся прадугледжаны заканадаўствам тэрмін правядзеньня праверак на прадмет займаньня зноў выдзеленых зямельных участкаў (не пазьней за месяц пасьля заканчэньня гадавога тэрміну з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўчастку). Такія факты мелі месца ў мікрараёне Біцялёва, дзе па стане на ліпень 2012 году не было праверанае займаньне больш як 90 участкаў, выдзеленых у ліпені—лістападзе 2010 году для будаўніцтва і абслугоўваньня жылых дамоў, у Першамайскім раёне Віцебску, дзе незанятымі ў прадугледжаны заканадаўствам тэрмін зьяўляюцца чатыры ўчасткі.

Аб недастатковай дзейнасьці землеўпарадкавальнай службы Віцебскага гарвыканкаму пры ажыцьцяўленьні дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаньнем зямель сьведчаць факты непрыманьня мер па пададзеных ёй у 2011 годзе адміністрацыямі раёнаў зьвестках аб незанятых зямельных участках індывідуальнай жылой забудовы гораду. Яны, як выяўлена падчас пракурорскай праверкі, застаюцца такімі дагэтуль. Апрача таго, многія ўчасткі не добраўпарадкаваныя, зарасьлі пустазельлем і драўняна-хмызьняковай расьліннасьцю, забруджаныя побытавымі адходамі. Асобныя ўчасткі служаць месцам збору асоб асацыяльных паводзінаў.

Пракуроры канстатуюць, што землеўпарадкавальнай службай ня толькі не прымаліся меры па канфіскацыі і пераразьмеркаваньні незанятых зямельных участкаў, але і па прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці землекарыстальнікаў за невыкананьне ўскладзеных на іх абавязкаў па ахове зямель. Згодна са статыстычнымі зьвесткамі, у 2012 годзе па арт. 15.10 КаАП (парушэньне парадку выкарыстаньня зямлі і патрабаваньняў па яе ахове) прыцягнутыя ўсяго тры асобы, што пры наяўнасьці пералічаных вышэй фактаў зьяўляецца яўна недастатковым.

Без прыняцьця мер рэагаваньня з боку мясцовых землеўпарадкавальных службаў засталіся выпадкі самавольнага займаньня шэрагу зямельных участкаў у Браславе, незайманьня ў вызначаны тэрмін зямельных участкаў і адсутнасьці рэгістрацыі зямельных участкаў у Мёрскім раёне. Ня быў канфіскаваны ўчастак у вёсцы Соіна Сеньненскага раёну ў грамадзяніна, якому на працягу 2010—2011 гадоў неаднаразова накіроўваліся адпаведныя прадпісаньні. Такія факты мелі месца ў Верхнядзьвінскім, Вушацкім, Полацкім, Гарадоцкім і Аршанскім раёнах.

Па выніках праверкі пракуратурай Віцебскай вобласьці ў Віцебскі аблвыканкам унесенае прадстаўленьне з патрабаваньнем прыняць меры па ліквідацыі парушэньняў заканадаўства і прыцягненьні да дысцыплінарнай адказнасьці начальнікаў землеўпарадкавальных службаў гаррайвыканкамаў, якія не забясьпечылі належнага выкананьня функцыяў дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаньнем зямель.

БелаПАН

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.