web analytics
Пасьля рамонту даху жыхары віцебскага дому ўсёй грамадой скардзяцца ў адміністрацыю прэзыдэнта » article » За правы чалавека

Пасьля рамонту даху жыхары віцебскага дому ўсёй грамадой скардзяцца ў адміністрацыю прэзыдэнта

30 September 2012 | admin |

Ciacze dachКватэры жыхароў першага і другога пад’ездаў пяціпавярховіка па вуліцы Лазо, 11 у Віцебску пачало затапляць 21 верасьня, а прычынай гэтаму стаў рамонт даху дому. І вось ужо паўтары тыдні людзі са страхам і з тазікамі ў рукох сустракаюць кожны дажджлівы дзень. «Тазікі і ванначкі мы ўжо дзесяць дзён пастаянна трымаем напагатове, нават пазычаем іх адно аднаму», - нявесела жартуюць ахвяры камунальнага здарэньня.

Паводле словаў жыхаркі кватэры № 35 Фаіны Мікалаеўны, напярэдадні яна «сабрала» каля ўваходных дзьвярэй у сваю кватэру ажно тры вялікіх тазы вады. «Было гэтакае ўражаньне, быццам кран адкруцілі - і вада хлынула струменем», - кажа жанчына. Сёньня ў яе ўтварыўся новы пацёк на сьцяне ў гасьцінай. Кватэра № 35, як і некаторыя іншыя, засталася бяз сувязі са сьветам - з-за «патопу» не працуюць хатнія тэлефоны.

Як распавяла Фаіна Мікалаеўна, затопленыя кватэры наведалі прадстаўнікі ЖЭУ-14 і ЖРЭТу Кастрычніцкага раёну. «Заўтра таксама абяцалі прыйсьці. Будуць глядзець, каму які рамонт трэба рабіць. У мяне ўзялі кавалачкі шпалер - як узоры, будуць вызначаць іх кошт. Праўда, я ня ведаю, як яны зьбіраюцца гэта рабіць: такіх шпалер, як у мяне, ужо няма ў продажу… Сказалі, што старым, хто ня зможа сам рабіць рамонт, яны самі яго вырабяць. А астатнім кампэнсуюць шкоду, прычыненую заліцьцем».

У кватэры № 33 жыве 85-гадовая Клара Канстанцінаўна Пялевіна. «Патоп» пахіснуў і без таго слабое бабуліна здароўе: у яе зараз штодзень ўздымаецца ціск, і аднаго разу, калі б не дапамога суседкі, было б зусім блага - пэнсіянэрка ўпала. «Я ноч ня сплю, усё выціраю вось гэтым - бачыце, анучы на ​​швабры - столь. Гэтак мне будаўнікі загадалі, кажуць: “Трыце, трыце, бабуля, каб уніз, на чацьверты паверх, вада ня трапіла”».

У кватэры ў старога самотнага чалавека не зачыняецца дзьверы ў спальню, не гарыць сьвятло ў адным з пакояў, адсунутая ад сьценаў мэбля. У Клары Канстанцінаўны наварочваюцца на вочы сьлёзы, калі яна глядзіць на карціны, якія пацярпелі ад «патопу». «Гэта працы майго мужа, ужо нябожчыка. Ён быў вайскоўцам, але добра маляваў. І вось гэтую карціну, з пэйзажам, ён падарыў мне ў 1948 годзе, калі я нарадзіла яму сына. І гэтая карціна, вядома ж, мне вельмі дарагая. А што зь ёй сталася, вы бачыце…» - паказвае бабулька на пакарабачаны пейзаж з дубамі і таленавіта зробленую копію «Незнаёмкі» Крамской. Але больш за ўсё Клару Канстанцінаўну зьдзіўляе вось што: «Мне сказалі, што ў панядзелак распачнуць у маёй кватэры рамонт. Але як яны будуць ляпіць новыя шпалеры, калі са столі цячэ і ўсе сьцены мокрыя?»

Гаспадыня кватэры № 31 Валянціна Васільеўна пастаянна ўключае газ - каб сушыць сьцены. Жанчына чатыры дні жыве безь сьвятла ў ваннай і туалеце. А ў пакоях электрычнасьць яна баіцца ўключаць. «Мне ад тэлевізара відаць, - знайшла яна выйсьце. - Вось толькі пайсьці нікуды з кватэры не магу ўжо тыдзень, ні да зубнога, нікуды. Сяджу тут, тазікі, гусятніцу, хуткаварку, іншыя якія ёмістасьці пад ваду падстаўляю, падлогу выціраю». Але няма ліха без дабра - кватэра Валянціны Васільеўны стала імправізаваным «прэс-цэнтрам»: «У мяне працуе тэлефон, і да мяне прыходзяць тэлефанаваць тыя суседзі, у якіх ён не працуе».

Пэнсіянэрка ў кватэры № 30 ратуе кнігі: «Муж з маладосьці зьбіраў, пакінуў вось цэлую бібліятэку, а я зараз тут ваюю зь цьвільлю. Цяпер у нас, як у бамжоў … Калі ўжо гэта спыніцца?..»

Як паведаміла жыхарка кватэры № 20 Ларыса Пятроўна Смунева, стаміўшыся чакаць дапамогі ад мясцовых камунальнікаў, пацярпелыя жыхары падпісаліся пад калектыўнай скаргай, якую маюць намер даслаць у панядзелак, 1 кастрычніка, у адміністрацыю прэзыдэнта, камітэт дзяржкантролю, Віцебскі аблвыканкам, санэпідстанцыю. Раней Л. Смунева зьвярнулася з заявай у гарвыканкам. «Хацела патрапіць на прыём да мэра, але мне ў гэтым адмовілі. Кажуць, ваша заяву мы прынялі, цяпер цягам месяцу будзем яе разглядаць», - кажа яна.

Народныя навіны Віцебска

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.