web analytics
ЦВК адхіліў скаргі патэнцыйных кандыдатаў Віцебшчыны » article » За правы чалавека

ЦВК адхіліў скаргі патэнцыйных кандыдатаў Віцебшчыны

31 August 2012 | admin |

12083101.jpgШэсьць прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах спрабавалі аспрэчыць рашэньні акруговых выбарчых камісіяў, якія не зарэгістравалі іх у кандыдаты на ўдзел у парлямэнцкіх выбарах. І ўсе атрымалі адмовы. Цэнтарвыбаркам не задаволіў скаргу Ірыны Яскевіч, віцебскай прадстаўніцы АГП, якая хацела балятавацца ў Віцебскай-Чкалаўскай акрузе № 18, і якую выбарчая камісія не зарэгістравала на падставе памылкі ў дэклярацыі пра маёмасьць. Аспрэчыць нерэгістрацыю не ўдалося двум палачанам – пэнсіянэру Сяргею Рабцаву і стваральніку прыватнага музэю Леніна Мікалаю Панкрату. Абодвух не зарэгістравалі, бо камісіі заявілі пра вялікую колькасьць непраўдзівых подпісаў.

Хібы і памылкі ў падпісных аркушах знайшла камісія Полацкай гарадзкой выбарчай акругі № 28 і ў актывісткі кампаніі “Гавары праўду” Лідзіі Сагідулінай. ЦВК падтрымаў гэтае рашэньне. Як паведамлялася раней, камісія Віцебскай Кастрычніцкай акругі № 20 не зарэгістравала яшчэ аднаго актывіста кампаніі “Гавары праўду” Сяргея Парсюкевіча, ён падаваў скаргу ў ЦВК, якая была адхіленая. Стаць кандыдатам па акрузе № 20 спрабаваў і былы ўдзельнік мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Уладзімер Правальскі. Яго скаргу на нерэгістрацыю ЦВК таксама не задаволіў.

Што тычыцца Ўладзімера Правальскага, дык неабыякавасьць да яго пэрсоны з усіх сіл дэманструюць мясцовыя дзяржаўныя СМІ. Газэта “Народнае слова”, пішучы пра тых, каму акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі, назвала яго чалавекам, “набыўшым скандальную вядомасьць падчас ранейшай прэзыдэнцкай кампаніі”. Што журналіст Сяргей Кочатаў хацеў сказаць чытачам гэткай нэгатыўнай заўвагай, патлумачана не было, - Уладзімеру Правальскаму проста далі нэгатыўную характарыстыку.

Праваабарончы цэнтар Вясна

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.