web analytics
Тэлевыступ віцебскага кандыдата ў дэпутаты зьнялі на падставе ананімнага дакумэнту » article » За правы чалавека

Тэлевыступ віцебскага кандыдата ў дэпутаты зьнялі на падставе ананімнага дакумэнту

30 August 2012 | admin |

12083001.jpgВыступ Сяргея Рэзьнічэнкі мусіў трансьлявацца ўвечары 28 жніўня. Але ў этэр ён так і ня выйшаў. Актывіст АГП зьвярнуўся ў Віцебскую тэлерадыёкампанію, дзе яму паказалі паперу з ЦВК. Аднак яго прозьвішча ў дакумэнце пра забарону тэлевыступаў не было.

Сяргей Рэзьнічэнка распавёў пра сваю гутарку з супрацоўнікамі “Тэлерадыёкампаніі Віцебск”: “Дырэктара на месцы ў 9.30 не было, намесьніка таксама. Да мяне выйшла жанчына, сказала, што выступ мой учора быў паказаны, і што яна не разумее маіх прэтэнзіяў. Потым да нашай размовы далучыўся рэдактар Юры Давыдоўскі. Толькі ён пацьвердзіў, што тэлевыступ быў зьняты з этэру. Прычына – нібыта забарона ЦВК. Мне паказалі дакумэнт зь нейкімі артыкуламі, паводле якога мой выступ забаронены. Але гэта быў ‘ананімны’ дакумэнт – там увогуле не было ніводнага прозьвішча. Тым ня менш, спадар Давыдоўскі настойваў, што мой выступ быў накіраваны ў Менск, і менавіта ЦВК прыняў рашэньне яго не трансьляваць. Я запатрабаваў, каб прычыны адмовы мне далі ў пісьмовым выглядзе, і з пазначэньнем менавіта майго прозьвішча”.

Паводле спадара Рэзьнічэнкі, адказ з “Тэлерадыёкампаніі Віцебск” яму паабяцалі даць у першай палове дня 29 жніўня. Сам кандыдат, які балятуецца па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, не выключае, што прычынай нявыхаду ў этэр стала згадка кампаніі АГП “За справядлівыя выбары без Лукашэнкі”, пра якую ён гаварыў у сваім тэлевыступе.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.