web analytics
Цэнтарвыбаркам не задаволіў скаргу Сяргея Парсюкевіча наконт яго нерэгістрацыі кандыдатам ў дэпутаты » article » За правы чалавека

Цэнтарвыбаркам не задаволіў скаргу Сяргея Парсюкевіча наконт яго нерэгістрацыі кандыдатам ў дэпутаты

28 August 2012 | admin |

12082801.jpg28 жніўня прайшло першае паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі наконт разгляду скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У ліку «адмоўнікаў», што асабіста зьявіліся на гэтае паседжаньне, быў і актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Парсюкевіч зь Віцебску. Ён аспрэчваў рашэньне акруговай выбарчай камісіі, якая адмовіла яму ў далейшым удзеле ў выбарчай кампаніі з прычыны фальшаваньняў подпісаў грамадзян, што нібыта мелі месца.

Аднак нягледзячы на ​​тое, што патэнцыйным кандыдатам была праведзеная вялікая праца па зборы доказаў адсутнасьці парушэньняў (узятыя, у прыватнасьці, пісьмовыя заявы выбаршчыкаў, у сапраўднасьці подпісаў якіх усумнілася акруговая камісія, пра тое, што яны сапраўды падпісваліся за прэтэндэнта), ЦВК пакінуў скаргу без задавальненьня.

Распавядае Сяргей Парсюкевіч: «Мая справа слухалася амаль паўтары гадзіны. Я падаў сябрам ЦВК дастатковую колькасьць матэрыялаў, якія даказваюць, што мне адмоўлена ў рэгістрацыі абсалютна неабгрунтавана. Але ў мяне склалася такое ўражаньне, што я размаўляю са сьцяной: ніякай рэакцыі, ніякіх эмоцыяў не адбівалася на тварах сяброў цэнтральнай камісіі. Па-мойму, ім было ўсё адно, пра што я тут кажу, якія доказы прыводжу ў пацьверджаньне сваёй правасьці. Здавалася, што яны папросту адбывалі нумар, чакаючы хутчэй таго моманту, калі можна будзе прагаласаваць і адправіць мяне дадому».

Цяпер, паводле словаў актывіста «Гавары праўду», ён мае намер абскардзіць адмову ў яго нерэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, як таго і патрабуе дзейнае заканадаўства.

“Гавары праўду”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.