web analytics
Узнагародзіўшы пракурора Віцебскай вобласьці, Лукашэнка парушыў закон? » article » За правы чалавека

Узнагародзіўшы пракурора Віцебскай вобласьці, Лукашэнка парушыў закон?

25 August 2012 | admin |

12082504.jpgУказам ад 15 жніўня А. Лукашэнка ўзнагародзіў вялікую групу вайскоўцаў і прадстаўнікоў сілавых структур мэдалём “За бездакорную службу” I, II, III ступені. Як мінімум адно ўзнагароджаньне ў гэтай чарадзе выклікае вялікія сумневы ў яго законнасьці. Гэта ўзнагароджаньне названым мэдалём трэйцяй ступені пракурора Віцебскай вобласьці старшага дарадцы юстыцыі Генадзя Дыско, піша блогер d-zholik.

У адпаведнасьці з артыкулам 20 Закону “Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь”, мэдалём “За бездакорную службу” ўзнагароджваюцца вайскоўцы, асобы начальнiцкага i шараговага складу ворганаў унутраных спраў, Сьледчага камітэту, ворганаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, ворганаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, службовыя асобы мытных ворганаў, пракурорскія работнікі, якія бездакорна праслужылі дзесяць, пятнаццаць і дваццаць каляндарных гадоў адпаведна.

Пры гэтым пракурор Дыско, што знаходзіцца на генэральскай пасадзе, меў сур’ёзныя “залёты” па службе незадоўга да ўзнагароджаньня - у 2011 годзе. Так, паводле інфармацыі прэс-службы Генпракуратуры, 6 красавіка 2011 г. пракурору Віцебскай вобласьці была абвешчаная вымова па выніках службовай праверкі расьсьледаваньня крымінальнай справы аб забойстве. У зьдзяйсьненьні забойства абвінавачвалі падлеткаў. Пазьней у дачыненьні да іх быў абвешчаны апраўдальны прысуд.

Падчас расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы былі парушаныя патрабаваньні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу аб забесьпячэньні правоў удзельнікаў працэсу, аб парадку правядзеньня шэрагу сьледчых дзеяньняў і належнага іх афармленьня. У пэўнай ступені хібы і недапрацоўкі па згаданай справе сталі магчымымі з-за недастатковага кантролю і нагляду за ходам яго расьсьледаваньня з боку кіраўніцтва і іншых службовых асоб пракуратуры Віцебскай вобласьці.

2 жніўня 2011 году Дыско ўказам генпракурора Васілевіча вызвалены ад пасады пракурора Віцебскай вобласьці за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па арганізацыі пракурорскага нагляду за ходам расьсьледаваньня крымінальнай справы па фактах выбухаў у верасьні 2005 году ў Віцебску. Праўда, у верасьні, пасьля звальненьня Рыгора Васілевіча, новы генпракурор Аляксандар Канюк адным са сваіх першых загадаў аднавіў Генадзя Дыско на пасадзе.

“Паводле гэтых афіцыйных паведамленьняў, лёгка можна ацаніць паслужны сьпіс пракурора Дыско і зрабіць высновы пра тое, наколькі “бездакорнай” была ягоная служба ў ворганах пракуратуры, каб ён за гэта быў узнагароджаны Аляксандрам Лукашэнкам высокай дзяржаўнай узнагародай, - піша блогер. - Цікава толькі, Лукашэнка сам пайшоў на чарговае наўпроставае парушэньне Закону, або яго падставіла ўласнае асяродзьдзе: кіраўніцтва і апарат Генэральнай пракуратуры, якія рыхтавалі дакумэнты аб прадстаўленьні да ўзнагароджаньня; кіраўніцтва і апарат дзяржсакратарыяту Рады Бясьпекі, якія давалі заключэньне; кіраўніцтва і апарат Адміністрацыі прэзыдэнта, якія правяралі абгрунтаванасьць прадстаўленьня аб узнагароджаньні, рыхтавалі адпаведны праект указу”.

UDF.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.