web analytics
Кандыдат у дэпутаты Аляксей Гаўруцікаў можа застацца без тэлевізійнага этэру » article » За правы чалавека

Кандыдат у дэпутаты Аляксей Гаўруцікаў можа застацца без тэлевізійнага этэру

25 August 2012 | admin |

12082503.jpgВіцебскага сацыял-дэмакрата Аляксея Гаўруцікава папярэдзілі, што ягоны тэлевыступ можа быць зьняты з этэру. Бо ён, паводле словаў дырэктара тэлерадыёкампаніі “Віцебск” Анатоля Камовіча, “дэманстраваў партрэт ‘крымінальніка’, што зьяўляеца недапушчальным пры цяперашнім рэжыме”. Аляксей Гаўруцікаў распавёў, што пасьля запісу ягонага тэлевыступу ў студыю забег чалавек, які назваўся дырэктарам тэлерадыёкампаніі, ды прапанаваў усё перазапісаць нанова:

“Я некалькі разоў паказваў партрэт Мікалая Статкевіча – калі казаў, што я прыхільнік стварэньня ‘Народнай Грамады’ і што патрабую вызваленьня і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў. Напрыканцы зноў нагадаў, што я за вызваленьне палітзьняволеных, і ў тым ліку Статкевіча, які знаходзіцца ў турме за пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Дырэктар Анатоль Камовіч, які зьявіўся ў студыі пасьля здымак, заявіў, што гэта недапушчальна. Аднак я ад перазапісаў прамовы адмовіўся, і спадар Камовіч сказаў, што будзе раіцца ў ЦВК, ці пускаць мой выступ у этэр”.

“Ня ведаю, што яго больш узбурыла: ці то насамрэч партрэт Статкевіча, якога Камовіч назваў ‘крымінальнікам’, ці то мая фраза пра тое, што я выступаю за перамены ў краіне і за адстаўку цяперашняга беларускага кіраўніцтва, якое лічу вінаватым ў тым, што краіна перажывае цяжкія наступствы эканамічнага крызісу. Але я гатовы да таго, што мой выступ у этэр не прапусьцяць”, - такі досьвед у Аляксея Гаўруцікава ўжо быў. Падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі 2004 году ён у сваім кандыдацкім выступе пакрытыкаваў мясцовае начальства, і ЦВК кваліфікавала гэта як абразу службовых асобаў. Тады выступ таксама не паказалі.

Што будзе гэтым разам – яшчэ не вядома. Трансьляцыя выступу Аляксея Гаўруцікава, кандыдыта па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18, заплянаваная на панядзелак, 27 жніўня. Дарэчы, партрэт Мікалая Статкевіча трымала падчас тэлевыступу і кандыдатка па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17 Алена Фаміна. Аднак да яе прэтэнзіяў з боку кіраўніцтва віцебскай тэлерадыёкампаніі пакуль не было.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.