web analytics
Акруговыя выбарчыя камісіі Віцебску адмовілі ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў чатыром прэтэндэнтам на ўдзел у выбарах » article » За правы чалавека

Акруговыя выбарчыя камісіі Віцебску адмовілі ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў чатыром прэтэндэнтам на ўдзел у выбарах

25 August 2012 | admin |

12082502.jpgНайбольш патэнцыйных кандыдатаў “адсеяла” выбарчая камісія Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20. Тут зарэгістравалі толькі 4 прэтэндэнтаў з 7, у тым ліку трох партыйных вылучэнцаў: ад партыі левых “Справядлівы сьвет” - Аляксандара Вінаградава, Аляксандра Дзядзінкіна - ад КПБ, Андрэя Рэзьнічэнку - ад АГП. Не зарэгістравалі актывіста кампаніі “Гавары праўду” Сяргея Парсюкевіча і Ўладзімера Правальскага, у якіх выявілі недакладнасьці ў пададзеных на праверку подпісах, а таксама Сяргея Рогалева, вылучэнца ад ЛДПБ, – у сувязі зь несапраўднымі дадзенымі ў дэклярацыі пра прыбыткі і маёмасьць. Сяргей Парсюкевіч і Ўладзімер Правальскі зьвярнуліся са скаргамі ў ЦВК.

Актывіст кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Парсюкевіч лічыць, што яго не зарэгістравалі знарок: “Я зразумеў, што будуць праблемы, калі мяне не паклікалі на папярэдняе паседжаньне камісіі, дзе вырашалася пытаньне, каб наладзіць дадатковую праверку здадзеных мной подпісаў. Паводле вынікаў абедзьвюх праверак, у падпісных аркушах нібыта знайшлі шмат недакладнасьцяў, і таму подпісы прызналі несапраўднымі. Буду гэта аспрэчваць, бо подпісы сапраўдныя, дый ніхто зь людзей падчас праверак ад подпісаў не адмовіўся. Нейкія хібы знайшла пашпартная служба – гэта памылкі ў імёнах, адрэсах і гэтак далей. Я магу сабе ўявіць, як гэта бывае: нехта з камісіі ня так прачытаў прозьвішча і ў сьпісе для праверкі напісаў, скажам, “Іваноў” замест “Іванцоў”. Тое самае зь лічбамі – у кожнага ж розны почырк… Але магу пра ўсё гэта толькі меркаваць, бо мне не паказалі тыя аркушы, дзе знайшлі памылкі, як я ні прасіў!”

Удзельнік мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Ўладзімер Правальскі заявіў у ЦВК, што акруговая камісія парушыла выбарчае заканадаўства: “У рашэньні камісіі напісана, што я здаў 1 024 подпісы, гэта яны самі прызнаюць. Пасьля праверкі яны нібыта знайшлі 32 несапраўдныя подпісы. Гэта 16% ад колькасьці правераных, і таму камісія мусіла праводзіць дадатковую праверку. Аднак пра гэта ў рашэньні, дзе мне адмовілі ў рэгістрацыі, нічога не сказана. Яны зрабілі так: аднялі 32 ад 1 024, атрымалі 992 подпісы і запісалі, што мяне не падтрымала неабходная паводле заканадаўства тысяча грамадзян. Такога ў выбарчым заканадаўстве няма, каб штосьці ад чагосьці адымаць. Гэта абсурд – адмаўляць на такіх падставах!”

Выбарчая камісія Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі № 18 зарэгістравала кандыдатамі Аляксея Гаўруцікава з “Народнай Грамады”, актывіста кампаніі “Гавары праўду” Аляксандра Мікуліна, сябра ЛДПБ Анатоля Раўнейку і беспартыйнага настаўніка Міхаіла Волкава. Адмоўлена ў рэгістрацыі прадстаўніцы АГП Ірыне Яскевіч – камісія знайшла недакладнасьці ў дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці.

У Віцебскай-Чыгуначнай акрузе № 19 зарэгістравалі ўсіх чатырох ахвотных стаць кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту. Гэта намесьнік начальніка Віцебскага аддзяленьня чыгункі Сяргей Бохан і тры партыйныя вылучэнцы: ад Партыі левых “Справядлівы сьвет” зарэгістравалі Вадзіма Кузьміна, ад Партыі БНФ - Кастуся Смолікава і ад ЛДПБ - Дзьмітрыя Шчаглова.

Па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17 таксама будуць балятавацца ўсе чацьвёра ахвотных: дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Грыцкевіч, Алена Фаміна, прыхільніца “Народнай Грамады” Мікалая Статкевіча, сябра партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў і старшыня віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргей Ярмыкін.

Зарэгістравалі кандыдатамі ўсіх прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарчай гонцы і ў Віцебскай сельскай акрузе № 21. Тут сярод кандыдатаў у дэпутаты дырактар кадэцкай вучэльні Ўладзімер Шыцько і двое партыйцаў: старшыня Гарадоцкай раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў і сябра ЛДПБ Ігар Цеплякоў.

Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Цэнтральнай выбарчай камісіі

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.