web analytics
Пракурор патрабуе пакараць былога віцэ-губэрнатара Віцебскай вобласьці 7 гадамі калёніі з канфіскацыяй » article » За правы чалавека

Пракурор патрабуе пакараць былога віцэ-губэрнатара Віцебскай вобласьці 7 гадамі калёніі з канфіскацыяй

24 August 2012 | admin |

12082401.jpg23 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе працягнуўся суд над былым намесьнікам старшыні Віцебскага аблвыканкаму, а яшчэ раней першым сакратаром ЦК БРСМ Леанідам Кавалёвым. Суд распачаўся яшчэ летась, але толькі 22 жніўня зьявілася першая афіцыйная інфармацыя па гэтай справе. А ўжо на наступны дзень пасьля гэтага адбылося апошняе пасяджэньне: бакі выступілі ў спрэчках, абвінавачаныя — з апошнім словам. Леаніда Кавалёва абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару службовай асобай).

Таксама па справе праходзіць грамадзянін Эстоніі Каал Гунар. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 430 арт., а таксама арт. 16 ч. 6 КК (пасобніцтва). У справе фігуруе сума хабару ў 2,5 тыс. эўра. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, гэтыя грошы грамадзянін Эстоніі ў якасьці пасярэдніка перадаў ад дырэктара фірмы, якая займаецца арганізацыяй фэервэркаў, Кавалёву.

Гэта нібыта «ўдзячнасьць» за выключнае права на арганізацыю фэервэркаў на масавых мерапрыемствах на Віцебшчыне ў 2010-ым. Перадача грошай ішла пад кантролем КДБ. Бо дырэктар фірмы напісаў заяву пра выманьваньне ў яго хабару. А пры перадачы ім грошай эстонцу, праваахоўнікі затрымалі апошняга. У выніку Гунар Каал пайшоў на супрацоўніцтва.

На судзе Каал і Кавалёў сябе вінаватымі не прызналі. Пракурор запрасіў для Кавалёва 7 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці, Каалу — 5 гадоў з канфіскацыяй. З улікам сёлетняга закону аб амністыі тэрмін прапануе зьменшыць кожнаму на год. Прысуд будзе абвешчаны 31 жніўня. Паказальна, што затрыманьне Леаніда Кавалёва так і не пацьвердзілі афіцыйна. Як высьветлілася на судзе, затрымалі ж яго 21 чэрвеня 2011-га.

“Наша Ніва”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.