web analytics
У публікацыях наконт выбараў віцебскія дзяржаўныя газэты супярэчаць самі сабе » article » За правы чалавека

У публікацыях наконт выбараў віцебскія дзяржаўныя газэты супярэчаць самі сабе

31 July 2012 | admin |

12073101.jpgДзяржаўныя СМІ Віцебшчыны асьвятляюць выбары зь недакладнасьцямі. Таксама яны працуюць выключна на станоўчы імідж патэнцыйных “кандыдатаў ад улады”. Такія высновы робіць назіральнік ад БХК Анатоль Родзік, прааналізаваўшы шэраг публікацыяў у абласных газэтах “Народнае слова” і “Віцебскі рабочы”.

Спадар Родзік кажа, што заўважыў недакладнасьці ўжо з таго моманту, як газэты пачалі распавядаць чытачам пра колькасьць зарэгістраваных ініцыятыўных груп: “Гэта можа заўважыць кожны чытач. Вось газэта ‘Віцебскі рабочы’ за 21 ліпеня піша пра тое, што ў вобласьці было пададзена 53 заявы на рэгістрацыю груп па зборы подпісаў. Тая самая газэта ад 26 ліпеня паведамляе, што зарэгістравана ўжо толькі 39 заяў, і ініцыятыўных груп зарэгістравана 36. Здаецца, што так ‘прыхавалі’ заявы ад прыхільнікаў Мікалая Статкевіча, пададзеныя ў 14 акруговых камісіяў Віцебшчыны”.

“Другая абласная газэта, ‘Народнае слова’, таксама спачатку інфармуе чытачоў пра рэгістрацыю 36 ініцыятыўных груп. Але праз пару дзён на старонках выданьня зьяўляецца артыкул пра тое, што 35 прэтэндэнтаў атрымалі права распачаць збор подпісаў… Такое стаўленьне да інфармацыі пра выбары, калі не абыходзіцца без памылак і недакладнасьцяў, адлюстроўвае і адносіны да саміх выбараў – як да нечага нязначнага ці незалежнага ад беларусаў, для якіх нават колькасьць ініцыятыўных груп уважліва падлічыць ня хочуць!” - кажа Анатоль Родзік.

Анатоль Родзік зьвяртае ўвагу і на тое, што пра патэнцыйных удзельнікаў парлямэнцкіх выбараў у абласных газэтах ніякай інфармацыі да 26 ліпеня не было навогул. А потым ‘Народнае слова’ ўсё ж вырашыла пералічыць тых, хто зарэгістраваў ініцыятыўныя групы. Але ў гэты пералік трапілі амаль адны прадстаўнікі дзейнай улады або прадстаўнікі кіраўнічага складу.

“На другі тэрмін маюць намер быць выбраным сьпікер ніжняй палаты Ўладзімер Андрэйчанка, а таксама Генадзь Грыцкевіч і Аляксандар Папкоў. Распачалі збор подпісаў ініцыятыўныя групы вядомага віцебскага настаўніка матэматыкі Міхаіла Волкава, дырэктара Віцебскай кадэцкай вучэльні Ўладзімера Шыцько, дырэктара Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага каледжу Аляксандра Цацоха (цяпер яны працуюць у абласным Савеце дэпутатаў), намесьніка начальніка УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» і адначасова дэпутата Віцебскага гарсавету Сяргея Бохана, старшыняў Полацкага і Аршанскага гарадзкіх Саветаў дэпутатаў Натальлі Гуйвік і Людмілы Дабрынінай. Апрача таго, сярод прэтэндэнтаў тры кіраўнікі раённых выканаўчых ворганаў улады: Лепельскага - Пётар Шыкшнян, Аршанскага - Уладзімер Дзедушкін і Шаркоўшчынскага - Мечыслаў Морхат. Сілавыя ворганы ў сьпісе патэнцыйных кандыдатаў прадстаўленыя намесьнікам начальніка абласнога УКДБ Васілём Папко”, - паведамляе “Народнае слова”.

А вось пра тое, што пра намер балятавацца заявілі і 8 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, у артыкуле “Прэтэндэнты пайшлі ў народ” сказана літаральна адным радком.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.