web analytics
Леанід Аўтухоў зьбіраў подпісы на цэнтральнай плошчы Гарадка пад бел-чырвона-белым сьцягам (відэа) » article » За правы чалавека

Леанід Аўтухоў зьбіраў подпісы на цэнтральнай плошчы Гарадка пад бел-чырвона-белым сьцягам (відэа)

31 July 2012 | admin |

12073102.jpgЛеанід Аўтухоў, старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ, прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай акрузе 27 ліпеня правёў збор подпісаў на цэнтральнай плошчы Гарадка пад бел-чырвона-белым сьцягам. Збор подпісаў быў прысьвечаны Дню прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Імпрэза адбывалася ў вялікую сьпёку. Выбаршчыкаў з пашпартамі ў гэтую сьпёку было няшмат, але за час пікетаваньня было сабрана больш за трыццаць подпісаў.

Крэатыўным было запрашэньне на пікет мясцовага музыкі. Пакуль ён найграваў папулярныя мэлёдыі - ад “Вясёлых качанят” да “Разьвітаньня з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага, - выбарцы ставілі подпісы за вылучэньне Леаніда Аўтухова кандыдатам у дэпутаты. Акрамя бел-чырвона-белага сьцягу на пікеце прысутнічаў дэвіз выбарчай кампаніі дэмакратычнага актывіста: “Беларусь – не карыта для чыноўнікаў. Беларусь – краіна для народу!”. Гэта гучыць амаль як славуты заклік Кастуся Каліноўскага: ”Не народ для ўлады, а ўлада для народу”.

Пікетаваньне з мэтай збору подпісаў Аўтухоў правёў у месцы, якое не забароненае рашэньнем Гарадоцкага райвыканкаму. Адлегласьць да воінскага мэмарыялу і пракуратуры была больш за 50 мэтраў. Пра гэта прэтэндэнт тлумачыў супрацоўнікам міліцыі і ідэалягічнага аддзелу Гарадоцкага райвыканкаму, якія адразу завіталі да пікетоўшчыка. Збор подпісаў адбываўся пад наглядам блізу сямі дзяржаўных супрацоўнікаў, якія на адлегласьці назіралі за акцыяй.

Менавіта на гэтым самым месцы тры гады таму спадар Аўтухоў разам са сваімі аднадумцамі ладзіў пікет зь бел-чырвона-белымі сьцягамі з нагоды падпісаньня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. За тую акцыю ў 2009 годзе актывіст атрымаў штраф у дзесяць базавых велічынь, што спрычынілася да канфіскацыі яго маёмасьці.

Л. Гаравы, Гарадок.інфо
Відэа: “Віцебская Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.