web analytics
У Віцебску забаранілі акцыю салідарнасьці з Алесем Бяляцкім » article » За правы чалавека

У Віцебску забаранілі акцыю салідарнасьці з Алесем Бяляцкім

30 July 2012 | admin |

12073001.jpgПікет салідарнасьці з палітвязьнем Алесем Бяляцкім павінен быў адбыцца 4 жніўня, у дзень, калі споўніцца год з моманту арышту кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”. Аднак улады не дазволілі правядзеньне акцыі. Сваё рашэньне пра забарону імпрэзы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктар Галанаў абгрунтаваў тым, што заяўнікі не заключылі дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемства з аддзелам унутраных спраў, гарадзкой цэнтральнай паліклінікай і прадпрыемствам “Віцебская жыльлёва-камунальная гаспадарка”.

Патрабаваньне заключаць дамовы з камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыянтамі для атрыманьня дазволу на масавыя мерапрыемствы, якія арганізуюцца без удзелу ворганаў улады, зьявілася ў 2009 годзе, калі Віцебскі гарвыканкам прыняў сумнавядомае рашэньне № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”. З дня прыняцьця гэтага рашэньня мясцовыя ўлады не далі дазволу ні на адну акцыю, якая ім не да спадобы.

Масавыя мерапрыемствы ў Віцебску, якія хочуць зладзіць актывісты грамадзянскай супольнасьці, апазыцыйныя палітыкі, праваабаронцы, пастаянна забараняюцца. Забараняюцца быццам бы на законнай падставе. “Маўляў, заключыце адпаведныя дамовы, як таго вымагае пункт 3 рашэньня № 881, і тады акцыю мы вам дазволім”, - раз-пораз паўтараюць чыноўнікі. Тое ж, што выканаць умовы, накінутыя заяўнікам масавых мерапрыемстваў рашэньнем гарвыканкаму, практычна немагчыма - адпаведныя службы зазвычай ухіляюцца ад заключэньня неабходных дамоваў, - гэта прадстаўнікоў уладаў зусім не хвалюе.

Гэтым разам усё адбылося паводле звыклага сцэнару. Дамоваў заключыць не ўдалося. Напрыклад, генэральны дырэктар УКВП “Віцебская жыльлёва-камунальная гаспадарка” Аляксандар Кушароў ня выслаў, як яго пісьмова прасілі, праект дамовы зь яго прадпрыемствам, а параіў зьвярнуцца ў іншыя арганізацыі, якія займаюцца прыборкай тэрыторыі. У выніку чарговае масавае мерапрыемства забароненае. З пункту гледжаньня чыноўнікаў, усё правільна: яны ж дзейнічаюць нібыта кіруючыся законам, і хіба ім ёсьць справа да таго, што арганізатары меркаванай акцыі ня выканалі патрабаваньне рашэньня гарадзкіх уладаў не з уласнай волі, а таму што тыя, з кім трэба мець дамовы, адмовіліся іх заключаць…

Рашэньне аб забароне пікету 4 жніўня яго арганізатары маюць намер абскардзіць у судовым парадку. Яны ўпэўненыя, што калі б у краіне суды былі незалежныя ад выканаўчай улады, справу яны выйгралі б. Аднак улічваючы беларускую рэчаіснасьць, зразумела, што шанцаў нешта давесьці судзьдзям, якія ня маюць звычкі ў гэткіх справах прыслухоўвацца да голасу праўды і справядлівасьці, амаль няма.

“За правы чалавека”