web analytics
Сяргея Каваленку прымусілі напісаць прашэньне аб памілаваньні » article » За правы чалавека

Сяргея Каваленку прымусілі напісаць прашэньне аб памілаваньні

29 July 2012 | admin |

12062405.jpgПаводле слоў Алены Каваленкі, пры канцы чэрвеня віцебскі апазыцыянэр Сяргей Каваленка пад ціскам адміністрацыі папраўчай калёніі напісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Яна пабывала на спатканьні з мужам у магілёўскай калёніі № 19 і распавяла журналістам, як зьявілася на сьвет гэтая папера: “Ён 24 або 25 чэрвеня напісаў. Яму абяцалі, што да 3 ліпеня будзе са сваёй сям’ёй. Ён напісаў на імя прэзыдэнта паўтары радкі: ‘Прашу вас мяне памілаваць’”, - паведаміла жонка палітвязьня.

Паводле яе слоў, найбольш моцны ціск на Сяргея аказваўся з боку адміністрацыі калёніі, калі ён знаходзіўся ў карцэры за чарговае парушэньне рэжыму: “Там былі вельмі дрэнныя ўмовы: дах цёк, шыба была пабітая, і калі быў дождж, то зацякала вада. За ноч трэба было 5-6 разоў уставаць рабіць фізычныя практыкаваньні, каб ня зьмерзнуць. Менавіта ў гэты час да яго прыходзілі па некалькі разоў на дзень і патрабавалі, каб ён напісаў пакаяньне, што ён зьдзейсьніў хуліганскі ўчынак, а не палітычную акцыю, як гэта было насамрэч”, - распавяла Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, муж распавёў, што прыблізна праз восем дзён знаходжаньня ў карцэры да яго прыйшоў начальнік калёніі: “Ціснуў менавіта сынам, што вось, маўляў, сын безь цябе расьце. Таксама казаў, што з-за таго, што Сяргей ня піша прашэньне, працаўнікам калёніі не дадуць дабаўкі да заработнай платы і ня хопіць іхным дзецям на цукеркі. Потым прыйшлі, сказалі, што ня трэба ніякага пакаяньня, а проста напісаць: прашу мяне памілаваць без раскаяньня, без прызнаньня сваёй віны”, - сказала жонка палітвязьня. Пры гэтым, паведаміла яна, муж успамінаў словы Зянона Пазьняка пра тое, што ня трэба гуляць у гульні з катамі.

“Ён вельмі хоча быць са сваёй сям’ёй, займацца выхаваньнем сына. Ён бачыць, што час ідзе, а сын расьце безь яго”, - сказала Алена, адзначыўшы, што падчас спатканьня сын быў вельмі рады бачыць бацьку, а дачка яго не пазнала. Калі Сяргей Каваленка ўсё ж такі выйдзе зь месцаў зьняволеньня, Алена ня ведае. “У яго 6 парушэньняў за гэты час. Яны рабілі ўсё, каб ён не патрапіў пад амністыю з-за статусу злоснага парушальніка”, - адзначыла яна. Тым ня менш жонка Каваленкі спадзяецца на хуткую сустрэчу з мужам: “Ён патрэбен нам на волі. Я думаю, ня толькі нам, але і грамадзтву”. Паводле яе слоў, Сяргей ад сваіх перакананьняў не адмаўляецца і аб сваіх учынках не шкадуе.

Таксама яна паведаміла, што ў Сяргея Каваленкі “шмат праблем са здароўем”. “Ён мне прызнаўся, што моцна падарваў сабе здароўе галадоўкай, і наступствы, напэўна, будуць ўсё жыцьцё. Вагу ён амаль аднавіў, але абсьледаваньня там няма, і шмат якія вынікі ад яго ўтойваюцца”, - распавяла Алена Каваленка. Яна адзначыла, што адміністрацыя не дазволіла перадаць Сяргею лекі.

“Адносіны з боку іншых асуджаных неблагія. Але вельмі прадузята да яго ставіцца начальнік атраду № 5. Я сама бачыла ў заяве, што менавіта ён хадайнічаў, каб Сяргею не дазволілі вынесьці са спатканьня перадачу”, - распавяла жонка палітвязьня. Наступнае спатканьне з палітвязьнем можа быць праз 3 месяцы.

Навіны.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.