web analytics
Віцебскія актывісты ўпарадкавалі мэмарыял у гонар ахвяраў камунізму » article » За правы чалавека

Віцебскія актывісты ўпарадкавалі мэмарыял у гонар ахвяраў камунізму

30 May 2012 | admin |

Palai - 29 traunia 2012Сябры руху «За Свабоду», Партыі БНФ і АГП добраўпарадкавалі самаробны мэмарыял каля вёскі Паляі, дзе ў 1930–50-я гады адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў. Гэта была ўжо традыцыйная акцыя па добраўпарадкаваньні мэмарыялу, якая штогод ладзіцца 29 траўня. Актывісты прыбралі траву і сьмецьце каля крыжоў, якія ўсталяваныя ў памяць пра бязьвінна расстраляных мясцовых жыхароў.

Самаробны мэмарыял — некалькі крыжоў, пастаўленых у розныя гады віцебскімі дэмакратычнымі актывістамі — добра відаць з аўтатрасы Р21, што вядзе зь Віцебску на Смаленск. Першыя крыжы на месцах пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў былі ўсталяваныя каля вёскі Паляі яшчэ 20 год таму. Некалькі разоў іх нішчылі невядомыя вандалы і пагражалі зьнесьці мясцовыя ўлады.

Гэтак, два гады таму кіраўніцтва тамтэйшага Варонаўскага сельсавету загадала зьнесьці мэмарыял, а старшыню абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава, які ўсталяваў апошнія некалькі крыжоў, аштрафавалі за «самаўпраўства». Аднак мэмарыяльныя крыжы ніхто зьнішчаць ня стаў: актывісты — з прынцыповых меркаваньняў, а ў сельсавету, відаць, проста «не паднялася рука».

Радыё Свабода

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.