web analytics
Сяргей Семенчукоў дапытаны па справе аб “Віцебскім сьцягу” » article » За правы чалавека

Сяргей Семенчукоў дапытаны па справе аб “Віцебскім сьцягу”

29 May 2012 | admin |

12052903.jpgУвечары 25 траўня брата актывісткі “Эўрапейскай Беларусі” Алены Семенчуковай, які пражывае ў Рагачове, дапытала інспэктар па справах непаўнагадовых. Пытаньні, зададзеныя маладому чалавеку, тычыліся вывешанага 4 траўня бел-чырвона-белага сьцягу ў Віцебску. Акцыя была арганізаваная невядомымі актывістамі ў падтрымку Сяргея Каваленкі, які знаходзіцца ў турме.

Вось як апісвае той дзень сам Сяргей: “Мы зь сястрой 4 траўня пайшлі да мэдунівэрсытэту раніцай. Я сёлета сканчаю школу, і мне трэба было зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставаньне (ЦТ). А мая сястра амаль заўсёды з сабой носіць фотаздымач. Прыйшлі мы рана, яшчэ і васьмі не было. Унутар адразу не пайшлі - я стаў пакурыць. А потым мы заўважылі, што на будынку праз дарогу вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Мая сястра яго, вядома ж, сфатаграфавала - прыгожа ён глядзеўся. Потым бачым, мужчына бегае, дзіўны вельмі, усё тое ці фатаграфуе, ці то на відэа здымае. Ну, і яго яна таксама сфатаграфавала.

Празь некалькі дзён выклікалі маю маму ў міліцыю - “на размову”. Яшчэ празь нейкі час - сястру. Тады сястра аднесла ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску фота мужчыны, які фатаграфаваў сьцяг. Ён сапраўды паводзіўся дзіўна. І, у адрозьненьне ад мяне і сястры, цалкам мог залезьці на дах - на фота бачна, што ён у добрай фізычнай форме. І мама, і Лена тлумачылі, што мы зь сястрой проста хадзілі ва ўнівэрсытэт па пытаньнях тэставаньня. Міліцыянты спрабавалі са мной сустрэцца, але я вучуся ў школе ў Рагачове, і не разумею, што такога я нібыта нарабіў, з-за чаго павінен перад іспытамі ўсё кінуць і ехаць у Віцебск “гутарыць” зь імі.

У рэшце рэшт, мяне выклікалі ў міліцыю ў Рагачове - 25 траўня каля 5-й вечара - і дапыталі. Сказалі, што, выглядае, быццам бы гэта ўсё ж такі я той сьцяг павесіў. І калі ня раніцай, дык уначы. Я спрабаваў растлумачыць, што ўначы спаў, і пры ўсёй ахвоце выйсьці нікуды ня мог з-за мамы. Мяркуючы па ўсім, чалавека, які рэальна мог вывесіць сьцяг, яны папросту не шукалі. Ва ўсім дагэтуль абвінавачваюць мяне, і нібыта я нанёс шкоду таму будынку, дзе быў вывешаны сьцяг”.

Эўрапейская Беларусь

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.