web analytics
Рэалізацыя сваіх канстытуцыйных правоў абыйдзецца гарадоцкім актывістам у круглую суму » article » За правы чалавека

Рэалізацыя сваіх канстытуцыйных правоў абыйдзецца гарадоцкім актывістам у круглую суму

29 May 2012 | admin |

12052902.jpgЛеанід Аўтухоў, актывіст “Гавары праўду”, старшыня гарадоцкай суполкі БНФ атрымаў адказы на свае звароты наконт аплаты паслугаў за правядзеньне шэсьця і мітынгу ад Гарадоцкага РАУС і КУПП “ГПКіЦС”. Лічбы кошту паслугаў камунальнікаў на правядзеньне мерапрыемства з удзелам да 50 грамадзян уражваюць.

Першы намесьнік начальніка Гарадоцкага РАУС А. Патапенка абмежаваўся толькі паведамленьнем аб тым, што праз суткі пасьля атрыманьня дазволу з Гарадоцкага райвыканкаму будзе падрыхтаваная дамова на аказаньне паслуг па ахове правапарадку. Адначасова з гэтым будуць падрыхтаваныя акты выкананых работ з калькуляцыяй гэтай паслугі, а кошт паслугі будзе вагацца ў залежнасьці ад удзелу розных супрацоўнікаў, заробкі якіх адрозьніваюцца.

Больш дакладны адказ атрыманы ад дырэктара КУПП “ГПКіЦС” А. Іванова. Гарадоцкія камунальнікі папярэдне ацэньваюць свае паслугі па абслугоўваньні тэрыторыі шэсьця і мітынгу ў 827 688 рублёў. Такі кошт сваіх паслугаў прызначалі камунальнікі за аднагадзіннае шэсьце 50-ці грамадзян па вуліцы Сабалеўскай і мітынг ва ўрочышчы Вераб’ёвыя горы Гарадка. Для аказаньня паслугі будуць прыцягнутыя чатыры дворнікі, якія будуць працаваць па восемь гадзінаў, каб прыбраць тэрыторыю, “засьмечаную” неабыякавымі грамадзянамі на плошчы амаль у паўтара гектара – 14 500 кв. м. Пры гэтым эканаміст прадпрыемства А. Дудар ацэньвае, што мітынгоўцы утвораць сьмецьця на 0,75 куб. м., а біяпрыбіральня будзе транспартавацца дзьве гадзіны на адлегласьць у 20 км.

Гэтыя разьлікі - яскравы прыклад завышэньня аб’ёму працы дзеля таго, каб актывіст ня меў жаданьня ажыцьцявіць сваё канстытуцыйнае права. Пакуль Леанід Аўтухоў яшчэ не атрымаў адказу з Гарадоцкай райбольніцы, каля якой у Вераб’ёвых гарох магчыма правесьці мітынг. Актывіст мяркуе, што паслугі мэдычнай установы могуць аказацца яшчэ большымі, чымся ў камунальнікаў, калі будзе выдзелены картэж хуткай дапамогі для ўдзельнікаў шэсьця.

Актывіст “Гавары праўду” разьлічвае атрымаць рэальныя кошты паслугаў ад камунальнікаў і іншых устаноў. Бо шэсьце плянуецца правесьці калёнай па два-тры чалавекі ў рад, а тэрыторыя знаходжаньня на мітынгу будзе вызначаная для 50 чалавек ў 200 кв. м. Навогул, цікава, колькі дзяржаўныя ўстановы ў нашай “сацыяльнай” краіне жадаюць атрымаць за рэалізацыю грамадзянамі канстытуцыйнага права на масавае мерапрыемства.

Гарадок.інфо

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.