web analytics
Адміністрацыя прэзыдэнта дасылае Яну Дзяржаўцаву ліст за лістом » article » За правы чалавека

Адміністрацыя прэзыдэнта дасылае Яну Дзяржаўцаву ліст за лістом

8 May 2012 | admin |

12050811.jpgВельмі зьдзівіўся віцебскі сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў (на фота), знайшоўшы ў сваёй паштовай скрыні капэрту з адваротным адрасам адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Палітык не паверыў сваім вачам, калі расьпячатаў капэрту і прачытаў у першых радкох ліста, які быў унутры, што гэты ліст зьяўляецца адказам на ягоную скаргу. Бо літаральна некалькімі днямі раней актывіст ужо атрымліваў ліст з адміністрацыі прэзыдэнта ў адказ на тую самую скаргу. Зьмест абодвух лістоў значна адрозьніваецца адзін ад другога, таму спадар Дзяржаўцаў цяпер у разгубленасьці: якой вэрсіі адказу даць веры.

Віцебскі апазыцыянэр пісаў у адміністрацыю прэзыдэнта скаргу на дзеяньні аднаго з чыноўнікоў мясцовай раённай адміністрацыі. Той, на думку Яна Дзяржаўцава, парушыў патрабаваньні закону аб зваротах грамадзян, бо на заяву аб правядзеньні пікету, аформленую на беларускай мове, адказаў па-расейску. У адміністрацыю прэзыдэнта Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся пасьля таго, як ня змог дамагчыся пакараньня нядбайнага чыноўніка, паведаміўшы пра выпадак у раённую пракуратуру і Віцебскі аблвыканкам.

Як пад першым, так і пад другім лістом з адміністрацыі кіраўніка дзяржавы стаіць подпіс начальніка галоўнага ўпраўленьня па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслава Буко. Гэта, бадай, адзінае падабенства між двума пасланьнямі. Усё астатняе адрозьніваецца вельмі моцна.

Ліст, які прыйшоў першым, быў досыць кароткім - усяго некалькі радкоў. У ім Яну Дзяржаўцаву паведамлялася, што ягоная скарга перанакіраваная ў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, і што менавіта гэты цэнтар падрыхтуе адказ па сутнасьці пастаўленых пытаньняў.

На напісаньне новага ліста віцебскаму актывісту спадар Станіслаў Буко выдаткаваў, відаць, нашмат больш часу. Адказ атрымаўся ажно на дзьве старонкі. Цяпер дзяржаўны муж ня стаў згадваць ні пра які цэнтар, якому даручана падрыхтаваць грунтоўны адказ. Такі адказ ён вырашыў даць сам. Зь ягонага адказу вынікае, што чыноўнік, які не захацеў пісаць па-беларуску, разглядаючы заяву Яна Дзяржаўцава пра пікет, нічога не парушыў, бо кіраваўся не законам аб зваротах грамадзян, а законам аб масавых мерапрыемствах.

Яшчэ адно адрозьненьне паміж дзьвюма вэрсіямі адказу за подпісамі Станіслава Буко, якое адразу кідаецца ў вочы: лісты напісаныя на розных мовах. Першы ягоны ліст быў складзены па-расейску, і гэта было ўспрынята адрасатам як відавочны зьдзек і зь беларускай мовы, і з законаў. Новая ж рэдакцыя ліста службовай асобы прэзыдэнцкай адміністрацыі выглядае як зробленая работа над памылкамі - аўтар адказу выправіўся і напісаў гэтым разам па-беларуску, што адпавядае норме закону аб зваротах грамадзян, згодна зь якой адказы даюцца на мове звароту.

У сваім новым лісьце Станіслаў Буко нават выказвае падзяку Яну Дзяржаўцаву - “за праяву актыўнай грамадзянскай пазыцыі па павышэньні статусу беларускай мовы”. Больш таго, ён абяцае віцебскаму палітыку: “Вашы прапановы па карэкціроўцы Закону аб масавых мерапрыемствах будуць разгледжаны пры далейшай працы па ўдасканаленьні заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

Віцебская Вясна

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.