web analytics
Сяргей Каваленка можа зноў пачаць галадоўку » article » За правы чалавека

Сяргей Каваленка можа зноў пачаць галадоўку

30 April 2012 | admin |

12033002.jpg30 красавіка зь вязьнем Сяргеем Каваленкам у псыхіятрычным шпіталі ў Навінках сустрэлася ягоная жонка Алена. «Выглядае ён з твару крыху лепей, але цела па-ранейшаму — косьці, абцягнутыя скурай. Днямі Сяргею зрабілі ультрагукавое абсьледаваньне ворганаў брушной поласьці, пра гэта распавёў лекар. Высьветлілі, што ў яго дыфузныя зьмены ў падстраўнікавай залозе і адна нырка панізілася. Колькі важыць, не сказаў, але сказаў, што набраў каля 7 кіляграмаў. Есьць ён там у асноўным гародніну ды садавіну, але і тое, што там даюць, паціху есьць. У тым ліку, як я разумею, пачаў есьці і мясныя стравы».

«Заключэньне лекараў будзе вынесенае 7–8 траўня. Напярэдадні ён адказаў на 512 пытаньняў — нейкія тэсты праходзіў. Але галоўная навіна, што ўжо ў сераду, 2 траўня, Сяргея могуць этапаваць з „Навінак“, і ў сувязі з гэтым ён не выключае, што пачне зноў галадоўку. Пра тое, што яго могуць этапаваць ужо праз два дні, Сяргей даведаўся ад мяне. Невядома, куды яго могуць адвезьці», — паведаміла Алена Каваленка.

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка рашэньнем Віцебскага абласнога суду накіраваны на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. У сьнежні-сакавіку зь перапынкам на 20 дзён Сяргей Каваленка трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць прысуду. Каваленку асудзілі на 2 гады і месяц за парушэньне парадку адбыцьця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Радыё Свабода

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.