web analytics
Віцебскія апазыцыйныя лідэры ў абласным судзе ня здолелі адстаяць права на свабоду мірных сходаў і шэсьцяў » article » За правы чалавека

Віцебскія апазыцыйныя лідэры ў абласным судзе ня здолелі адстаяць права на свабоду мірных сходаў і шэсьцяў

29 April 2012 | admin |

12042901.jpgВіцебскі абласны суд 26 красавіка не задаволіў касацыйную скаргу віцебскіх актывістаў на рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 20 сакавіка па скарзе пра забарону шэсьця на Дзень Волі ў Віцебску. Касацыйную скаргу ў суд падавалі заяўнікі шэсьця віцебскія актывісты Аляксей Гаўруцікаў, Хрыстафор Жаляпаў і Ян Дзяржаўцаў.

Ян Дзяржаўцаў на пачатку судовага паседжаньня заявіў адвод судовай калегіі - на падставе таго, што беларускія суды, на ягоную думку, зьяўляюцца нелігітымнымі. А затым заявіў адвод старшыні - судзьдзі Алегу Фёдараву, бо той вёў паседжаньне не на беларускай мове, а ў перакладчыку Дзяржаўцаву адмовіў. Абодва адводы былі адхіленыя. На знак пратэсту Ян Дзяржаўцаў пакінуў залю паседжаньняў.

Нагадаем, суд Кастрычніцкага раёну ня ўзяў пад увагу довады заяўнікаў пра тое, што намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Ўладзімер Шлома, які адмовіў у правядзеньні масавага мерапрыемства, дзейнічаў незаконна.

Довады гэтыя зводзіліся да таго, што меркаванае масавае мерапрыемства ахоплівала два раёны Віцебску, і таму Віцебскі гарвыканкам мусіў вынесьці рашэньне аб правядзеньні масавага мерапрыемства на падставе п. 2 і п. 4 рашэньня Віцебскага гарвыканкаму ад 2009/07/10 г. № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», а не кіравацца толькі п. 1, як зрабіў Шлома. У пункце 2 рашэньня гарвыканкаму № 881, у прыватнасьці, гаворыцца “аб іншых масавых мерапрыемствах», месцы правядзеньня якіх «вызначаюцца ў кожным канкрэтным выпадку».

«Іншая масавае мерапрыемства», згодна з трактоўкай юрыстаў гарвыканкаму Закону аб масавых мерапрыемствах, - гэта «спартовае, культурна-масавае, іншае відовішчнае мерапрыемства, рэлігійнае мерапрыемства, якое ладзіцца ў спэцыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам альбо ў памяшканьні».

У сваёй скарзе актывісты адзначылі, што ў пункце 1 рашэньня вызначаныя пастаянныя месцы правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Віцебску, але пры гэтым названыя месцы ў парках гораду не дазваляюць арганізаваць такога масавага мерапрыемства, як вулічнае шэсьце.

А калі пункт 1 рашэньня Віцебскага гарвыканкаму не дае на практыцы магчымасьці арганізаваць вулічнае шэсьце ў названых месцах, дык тэрмін «іншыя масавыя мерапрыемствы», які выкарыстоўваецца ў рашэньні выканкаму, трэба разумець шырэй і ўключыць у яго «вулічныя шэсьці». А значыць - гарвыканкам мусіў кіравацца пунктам 2, а не спасылацца ў адмове на п. 1.

Як прыклад цывілізаванага падыходу ва ўрэгуляваньні гэткіх сытуацыяў касатары прывялі рашэньне Менгарвыканкаму «Аб вызначэньні ў горадзе Менску месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Менскія ўлады таксама замацавалі пэўныя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, але - за выключэньнем вулічных шэсьцяў і дэманстрацыяў. Рашэньні наконт шэсьцяў прымаюцца на іншых падставах. І шэсьце ў сталіцы на Дзень волі было дазволенае ўладамі.

«Такім чынам, чыноўнікі з Менгарвыканкаму разумеюць і тлумачаць нормы Закону гэтаксама, як і мы - заяўнікі скаргі, а вось чыноўнікі зь Віцебскага гарвыканкаму, мабыць, своечасова не прайшлі павышэньня кваліфікацыі і ня маюць дастатковых ведаў у гэтым пытаньні. Аднак суд першай інстанцыі пагадзіўся зь іхнымі довадамі пры разглядзе справы па сутнасьці, і гэта прывяло да няправільнага прымяненьня судом нормаў матэрыяльнага права, што падлягаюць прымяненьню, пры вынясенні рашэньня», - лічыць Аляксей Гаўруцікаў.

Ён заклікаў таксама суд пасадзейнічаць надыходу палітычнай вясны ў Беларусі, бо клімат, што ўтварыўся, гэтаму спрыяе. Калегія Віцебскага абласнога суду засталася халодная да заклікаў касатара і рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску пакінула ў сіле, не задаволіўшы скаргу актывістаў.

“Віцебскі кур’ер”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.