web analytics
Сяргея Каваленку ў “Навінках” пазбавілі ліставаньня » article » За правы чалавека

Сяргея Каваленку ў “Навінках” пазбавілі ліставаньня

29 April 2012 | admin |

12011601.jpgПалітзьняволены Сяргей Каваленка фактычна пазбаўлены магчымасьці ліставацца з роднымі. Гэта зьвязана з тым, што ў лякарні “Навінкі”, у якой Сяргей знаходзіцца на абсьледаваньні, няма цэнзара. Таму жонка вязьня Алена Каваленка кажа, што ня піша зараз мужу: “Я нават не спрабавала пісаць, бо мне сказалі, што лісты, якія прыходзяць да яго, будуць зьбірацца, а потым, пасьля прагляду, аддадуць. Але які сэнс мне пісаць, каб праз паўтара месяца яму той ліст аддалі. Пакуль ён прыйдзе, пакуль пратрымаюць. І ці дойдуць тыя лісты да яго навогул”.

Надоечы Сяргея Каваленку наведала ягоная цётка. Са спасылкай на яе словы, Алена Каваленка кажа, што стан здароўя вязьня застаецца цяжкім, па-ранейшаму турбуюць праблемы з печаньню і падстраўнікавай залозай, не запрацаваў нармальна пасьля працяглай галадоўкі страўнік. Алена Каваленка скардзіцца на тое, што лекары не аказваюць Сяргею належнай медычнай дапамогі.

Яна таксама паведаміла, што атрымала дазвол на тое, каб 30 красавіка сустрэцца з мужам у лякарні: “Я прыйшла ў суд і амаль там гадзіну правяла. Пакуль сакратарка бегала да намесьніка старшыні суду. Намесьніка не было. Тады да старшыні. Старшыня суду нам забараніў. Я спытала: на якой падставе? Сакратарка сказала, ці я пачакаю, пакуль яна надрукуе адказ, або даслаць мне яго па пошце. Я сказала, што пачакаю. Пакуль я чакала, старшыня суду сам зайшоў у габінэт сакратаркі. І сказаў, у якасьці такой ласкі, каб мне далі дазвол”.

Радыё Рацыя

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.