web analytics
Ян Дзяржаўцаў: Навошта ўлады прымаюць законы, якія самі не зьбіраюцца выконваць? » article » За правы чалавека

Ян Дзяржаўцаў: Навошта ўлады прымаюць законы, якія самі не зьбіраюцца выконваць?

26 April 2012 | admin |

12042603.jpgАдстойваючы сваё права на атрыманьне адказаў ад чыноўнікаў на беларускай мове, віцебскі лідэр КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў дайшоў ужо да адміністрацыі прэзыдэнта. Гэткае права забясьпечваецца артыкулам 18 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», дзе абвяшчаецца: «Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты афармляюцца на мове звароту». Закон уступіў у сілу 22 студзеня 2012 году, і пакуль ня ўсе чыноўнікі выконваюць яго палажэньні.

Усе свае звароты ў ворганы ўлады Ян Дзяржаўцаў піша на беларускай мове. У адміністрацыю прэзыдэнта ён зьвярнуўся пасьля таго, як, даслаўшы заяўку на правядзеньне пікетаў, атрымаў адказ, напісаны па-расейску. Палічыўшы, што такім чынам намесьнік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Аляксандар Красакоў, подпіс якога стаяў пад адказам, парушыў згаданы закон, Ян Дзяржаўцаў накіраваў скаргі ў пракуратуру Першамайскага раёну Віцебску і Віцебскі аблвыканкам. Аднак ні пракуратура, ні выканкам не адрэагавалі належным чынам на гэтыя скаргі.

Надоечы Ян Дзяржаўцаў атрымаў ліст з адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко інфармаваў актывіста, што ягоны зварот накіраваны ў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь. Гэты цэнтар мае даручэньне паведаміць аўтару звароту ў адміністрацыю прэзыдэнта пра вынікі разгляду.

Ліст спадара Буко ўзбурыў Яна Дзяржаўцава. І справа нават ня ў тым, шт? напісаў высокапастаўлены чыноўнік, а ў тым - як. Станіслаў Буко адказаў па-расейску. Улічваючы, якое пытаньне ўзьнімаў актывіст у сваім звароце, напрошваецца выснова: начальнік з адміністрацыі прэзыдэнта такім чынам наўмысна прадэманстраваў сваё зьняважлівае стаўленьне як да беларускай мовы, так і да закону аб зваротах грамадзян. “Калі службовая асоба такога рангу дазваляе сабе ігнараваць патрабаваньні заканадаўства, дык чаго ж тады можна чакаць ад мясцовых чыноўнікаў? Невядома, навошта ўлады прымаюць такія законы, якія самі не зьбіраюцца выконваць”, - выказаў сваё неўразуменьне Ян Дзяржаўцаў.

“Віцебская Вясна”