web analytics
Міліцыя спрабуе перашкодзіць кантактам Любові Кавалёвай з журналістамі » article » За правы чалавека

Міліцыя спрабуе перашкодзіць кантактам Любові Кавалёвай з журналістамі

26 April 2012 | admin |

12042602.jpgСупрацоўнікі міліцыі спрабавалі перашкодзіць сустрэчы расейскіх журналістаў з маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва. Сустрэча была заплянаваная ў яе кватэры, але супрацоўнікі міліцыі пільнавалі журналістаў каля пад’езду. Любові Кавалёвай прапанавалі даць відэаінтэрвію для праграмы “Чалавек і закон”. Але як толькі здымачная група выйшла з таксоўкі, ім перагарадзілі шлях супрацоўнік міліцыі і АМАПавец. Гаспадыня ўбачыла гэта з вакна і пайшла “вызваляць гасьцей”:

“Добра, што я ўбачыла. Маглі, мабыць, і ўвогуле не пусьціць! Міліцэйская машына зьявілася каля нашага дому яшчэ гадзіны за дзьве да прыезду журналістаў – “жыгуль” прыпаркаваўся ў левым баку нашага двара… Калі я ўбачыла, што людзей не пускаюць, то спусьцілася ўніз, запытала: “Што, ужо да мяне людзям хадзіць забараняеце?”. Тады ўсіх прапусьцілі, але перапісалі дакумэнты. Заявілі, нібыта суседзі скардзяцца на тое, што тут увесь час нейкія журналісты шукаюць “лябараторыю” Дзімы Канавалава”.

Сям’я Канавалава, якога таксама расстралялі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме, жыве ў суседнім доме. Імаверна, “паляваньне на журналістаў” распачалося пасьля таго, як на сайце Радыё Свабода зьявіўся фотарэпартаж са склепу, дзе нібыта была лябараторыя па вырабе выбухоўкі. Некалькі дзён таму сарайчык, дзе Дзьмітры Канавалаў зьбіраўся зь сябрамі, і, паводле вэрсіі следзтва, вырабляў бомбы, стаяў адчынены…

Любоў Кавалёва дадае, што міліцэйская машына стаяла ў дварэ яшчэ й пасьля таго, як зьехалі тэлежурналісты. Супрацоўнікі міліцыі назіралі, хто яшчэ ўваходзіць і выходзіць з пад’езду, дзе жывуць Кавалёвы. Маці Ўладзіслава Кавалёва кажа, што ахова з боку міліцыянтаў ёй не патрэбная – што ў вінаватасьць сына яна ня верыць, што следзтва шмат каго не пераканала, і што ніхто ні разу ёй не пагражаў і не спрабаваў “адпомсьціць”.

Сям’я Дзьмітрыя Канавалава, другога абвінавачанага ў тэракце, знаходзіцца пад міліцэйскай аховай зь сярэдзіны красавіка мінулага году. Бацькоў расстралянага Канавалава суправаджаюць у краму, адвозяць на службовай машыне на працу і нават сабачку Канавалавы выгульваюць пад канвоем людзей у цывільным.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.