web analytics
Старшыня Аршанскага суду пераконвае актывіста, што падчас працэсу над Калякіным, Лябедзькам і Атрошчанкавым парушэньняў не дапускалася » article » За правы чалавека

Старшыня Аршанскага суду пераконвае актывіста, што падчас працэсу над Калякіным, Лябедзькам і Атрошчанкавым парушэньняў не дапускалася

25 April 2012 | admin |

12042503.jpgПадчас працэсу над палітыкамі С. Калякіным, А. Лябедзькам, А. Атрошчанкавым, якiя праходзiлi напрыканцы сакавіка ў Аршанскім гарадзкім судзе, былі дапушчаныя шматлікія парушэньні, упэўнены старшыня гарадзкой арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Дзямідаў. Пра гэта ён напісаў у той жа дзень у кнізе заўваг і прапаноў Аршанскага суду. Партыйны лідэр адзначыў, што судовыя паседжаньні былі зачыненымі, бо на іх не маглі патрапіць усе ахвотныя - журналісты, прадстаўнікі партыяў, нават сваякі. Спэцыяльна выбіраліся цесныя памяшканьні, не паведамляліся дата і час правядзеньня паседжаньняў. Надоечы прыйшоў адказ за подпісам старшыні суду А. Карэтнікавай.

Яна ня згодная з пазыцыяй Мікалая Дзямідава і паведамляе, што ў парадку ч. 1 арт. 2.14 ПВКаАП РБ справа аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да А. Лябедзькі, С. Калякіна, А. Атрошчанкава разглядалася адкрыта. Далей у адказе адзначаецца, што “першае судовае паседжаньне праводзілася ў габінэце судзьдзі з прычыны таго, што ў будынку суду 4 залі судовых паседжаньняў і 17 судзьдзяў. Ва ўсіх залях судовых паседжаньняў праходзілі судовыя працэсы паводле крымінальных справаў. У габінэце судзьдзі знаходзілася тая колькасьць грамадзян, што магла зьмясьціцца. Па вызваленьні залі судовага паседжаньня а 15:00 працэс паводле справы праводзіўся ў залі судовага паседжаньня на 3 паверсе”.

У выпадку нязгоды з такім адказам А. Карэтнікава параіла М. Дзямідаву зьвяртацца ў галоўнае ўпраўленьне юстыцыі аблвыканкаму. “Іншага адказу мы і не чакалі, - сказаў Дзямідаў. - Але сваю пазыцыю будзем адстойваць і далей”.

Орша.eu

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.