web analytics
Віцебскі абласны суд патлумачыў прычыну закрытасьці працэсаў » article » За правы чалавека

Віцебскі абласны суд патлумачыў прычыну закрытасьці працэсаў

24 April 2012 | admin |

12041302.jpgЖыхары Віцебску пакінулі з два дзясяткі допісаў у Кнізе заўвагаў і прапановаў, калі іх не пусьцілі на працэс па касацыйнай скарзе Сяргея Каваленкі, які праходзіў 10 красавіка, і на працэс па касацыйных скаргах Валера Шчукіна, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Атрошчанкава, які адбыўся 18 красавіка. Наконт першага інцыдэнту ўжо пачалі прыходзіць адказы.

Тым, хто скардзіўся на тое, што не змаглі патрапіць на працэс Сяргея Каваленкі, у пісьмовых адказах называюць тую самую прычыну, якую супрацоўнікі міліцыі абвясьцілі ў дзень суду: у залі не было вольных месцаў. Такое тлумачэньне не задавальняе скаржнікаў. Па-першае, будынак абласнога суду нядаўна быў рэканструяваны, да яго фактычна прыбудавалі новы корпус, дык што залі там яўна не маленькія і ня цесныя. Па-другое, змушаныя чакаць на ганку даведаліся, што ў залю праз службовы ўваход правялі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, якія і занялі ўсе месцы.

У залю паседжаньняў спачатку прапусьцілі толькі жонку Сяргея Каваленкі Алену і ягонага бацьку. Адзіным прадстаўніком грамадзкасьці, якому ўдалося трапіць у залю, быў актывіст кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Парсюкевіч. Толькі пасьля таго, як віцебскі праваабаронца Павал Левінаў напісаў скаргу (а за ім – і астатнія), у залу прапусьцілі яго і яшчэ аднаго праваабаронцу - Валянціна Стэфановіча. Усіх астатніх “папрасілі” пакінуць будынак суду, у тым ліку і журналістаў.

Тое самае паўтарылася і 18 красавіка, калі ў Віцебскім абласным судзе разглядалі касацыйныя скаргі Валера Шчукіна, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Атрошчанкава.

Увогуле ж, практыка “закрытых” судоў распачалася ў Віцебску з 22 лютага. Тады ў Першамайскім райсудзе таксама судзілі Сяргея Каваленку. Суд выклікаў шырокі розгалас, і на другі дзень працэсу ўсім прысутным было загадана выйсьці з залі, працэс быў перанесены ў іншую – і туды ўжо не дапусьцілі ні журналістаў, ні грамадзкіх актывістаў. Напісаныя тады ж скаргі не дапамаглі: апраўданьнем для тых, хто парушыў правы грамадзян, якія хацелі прысутнічаць на адкрытым працэсе, стала фраза “няма вольных месцаў”.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.