web analytics
За падпал машыны наваполацкага наглядчыка - 3 гады калёніі » article » За правы чалавека

За падпал машыны наваполацкага наглядчыка - 3 гады калёніі

21 April 2012 | admin |

12042101.jpgНадоечы адбыўся суд над двума маладымі людзьмі, абвінавачанымі ў падпале машыны АЎДЗІ А 6. Пацярпелым бокам зьяўляецца Анатоль Корань, былы начальнік ізалятару часовага ўтрыманьня Наваполацкага ГАУС. Паводле словаў людзей, якія адбывалі там рознага тэрміну суткі, на гэтай пасадзе яго адрозьнівалі самадурства, пыха ў адносінах да вязьняў і пастаяннае прымяненьне да іх усялякага кшталту пакараньняў. Зь іншага боку, яго не любілі і калегі па працы. За пастаяннае падлізваньне начальству, а таксама стукацтва. Нездарма ж добрая палова аддзелу выказала сваё абурэньне Ігару Драгуну - “опэру”, які раскрыў гэтае злачынства.

Выпадак з падпалам меў месца напрыканцы верасьня мінулага году ў мікрараёне Васілеўцы. Двое маладых людзей 43 і 34 гадоў знаходзіліся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Тым ня менш дзейнічалі зладжана і ўзгоднена. Ролі былі разьмеркаваныя загадзя, таму ўвесь працэс падпалу адбыўся хутка. У раёне правага задняга кола было прымацаванае рызьзё, машына аблітая дызпалівам і падпаленая зь некалькіх бакоў. Пацярпела і суседняя машына. Калі б не суладныя дзеяньні пажарных, гэткая доля магла спасьцігнуць яшчэ два дзясяткі прыпаркаваных побач аўтамабіляў.

Галоўнага завадатая падпалу суд прысудзіў да трох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Другі вінаваты адкараскаўся чатырма гадамі абмежаваньня волі, а таксама прымусовым лекаваньнем ад алькагалізму. Акрамя таго, на карысьць пацярпелага боку спагнана 20 мільёнаў рублёў маральнай і 5 мільёнаў матэрыяльнай шкоды.

Свабодны рэгіён

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.