web analytics
Чыноўнікі не павінны выконваць Закон аб зваротах грамадзян? » article » За правы чалавека

Чыноўнікі не павінны выконваць Закон аб зваротах грамадзян?

4 April 2012 | admin |

12040401.jpgНа думку службовых асоб пракуратуры Першамайскага раёну Віцебску і Віцебскага аблвыканкаму, чыноўнікі не абавязаныя выконваць палажэньні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Прынамсі, калі справа датычыць разгляду імі заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Такая выснова вынікае зь лістоў пракурора Юрыя Раманоўскага і кіраўніка спраў Віцаблвыканкаму Аляксея Мацюшкі, якія яны даслалі сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву.

Лісты з пракуратуры і выканкаму актывіст атрымаў у адказ на свае скаргі ў гэтыя ўстановы на парушэньне закону аб зваротах грамадзян намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Аляксандрам Красаковым. Нагадаем, Ян Дзяржаўцаў падаваў у раённую адміністрацыю заявы на пікеты. Заявы былі напісаныя па-беларуску, адказ жа на іх за подпісам Красакова прыйшоў актывісту на расейскай мове. Гэты факт абурыў сябра КХП БНФ, бо, згодна з артыкулам 18 закону аб зваротах грамадзян, «пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даюцца на мове звароту». Таму ён зьвярнуўся ў адпаведныя ворганы з просьбай падвергнуць намесьніка кіраўніка Першамайскага раёну адміністрацыйнаму спагнаньню паводле арт. 9.13 (парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян) і арт. 9.22 (парушэньне заканадаўства аб мовах) КаАП.

Пракуратура і аблвыканкам адмовіліся задаволіць просьбу актывіста. «Ваш зварот у адміністрацыю раёну не падпадае пад дзеяньне Закону “Пра звароты грамадзян і юрыдычных асоб”, а рэгулюецца Законам “Пра масавыя мерапрыемствы ў Рэспубліцы Беларусь”, якім ня вызначаныя патрабаваньні да выкладу адказу на мове звароту… Парушэньня Вашых правоў не дапушчана», - гаворыцца ў адказе старэйшага дарадніка юстыцыі пракурора Раманоўскага. Аналягічным чынам адказаў і прадстаўнік Віцебскага аблвыканкаму.

«Дык што ж, атрымліваецца, закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб дзяржаўныя службоўцы навогул не павінны выконваць? - пытаецца Ян Дзяржаўцаў. - Мне чыноўнік адказаў у адпаведнасьці з законам аб масавых мерапрыемствах і таму, маўляў, меў права не зважаць на патрабаваньні закону аб зваротах грамадзян. Камусьці іншаму на ягоны зварот у дзяржворган адкажуць згодна, напрыклад, з законам аб правох спажыўцоў ці зь нейкім іншым заканадаўчым актам - і таксама ня будуць лічыцца з нормамі закону аб зваротах. Дык для чаго тады прымаўся закон, калі чыноўнікам ён ня ўказ?»

Апазыцыйны палітык лічыць, што такое пагардлівае стаўленьне з боку службовых асоб да патрабаваньняў закону ўшчамляе яго ў правох. Здавацца Ян Дзяржаўцаў не зьбіраецца. Зараз ён рыхтуе скаргі на адказы супрацоўнікаў пракуратуры Першамайскага раёну Віцебску і Віцебскага аблвыканкаму ў вышэйстаячыя ворганы - у Віцебскую абласную пракуратуру і ў адміністрацыю прэзыдэнта.

“Віцебская Вясна”