web analytics
Стан здароўя Сяргея Каваленкі пагоршаў » article » За правы чалавека

Стан здароўя Сяргея Каваленкі пагоршаў

31 March 2012 | admin |

12030104.jpgСтан палітычнага зьняволенага, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай парты БНФ Сяргея Каваленкі надзвычай крытычны. 31 сакавіка лекар калёніі “Віцьба-3” паведаміў жонцы палітвязьня Алене Каваленцы, што стан Сяргея пагоршаў у параўнаньні з апошнімі днямі. Цяпер стан ягонага здароўя нестабільны.

Алена Каваленка: “Ціск у яго нізкі, і тэмпература… Вага такая ж – 45 кіляграмаў, не аднавілася. Ён скардзіўся лекару на млявасьць. Ён ляжыць. Запытала, чаму яны яго не шпіталізуюць, бо яму неабходная рэанімацыя. Сказалі, што калі будзе такая неабходнасьць, яны гэта зробяць. Аднак я вельмі сумняваюся, бо ў Сяргея даўно ёсьць паказьнікі, каб яго шпіталізаваць у рэанімацыю цывільнага шпіталю, але яны гэтага ня робяць. Я так разумею, проста загад зьверху не даюць на гэта. Вядома, вельмі перажываю за Сяргея, за ягоны стан, ці змогуць яны яго выцягнуць у такіх умовах, бо гэта ўмовы ня тыя, якія неабходны чалавеку ў такім стане”.

Сяргей Каваленка зараз утрымліваецца ў псыхіятрычным аддзяленьні рэспубліканскага турэмнага шпіталю пры калёніі “Віцьба–3”. Як кажа яго жонка, у гэтай сытуацыі, калі Сяргея не пераводзяць у рэанімацыю цывільнага шпіталю, застаецца спадзявацца толькі на Бога.

Расейскі праваабаронца Валянцін Гефтэр таксама заявіў пра неабходнасьць неадкладнага ратаваньня Сяргея Каваленкі: “Індывідуальная трагічная сытуацыя. Вельмі хацелася б, каб гэты чалавек ня проста выжыў, а захаваўся. Мне здаецца, у першую чаргу тут варта разглядаць гуманітарны складнік, а не высьвятляць прычыны, чаму ён патрапіў у СІЗА. Бо калі разглядаць толькі гэтае пытаньне, дык можна зайсьці ў тупік і ня вырашыць галоўнага. А галоўнае каб гэты чалавек захаваўся як асоба”.

Радыё Рацыя

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.