web analytics
Валер Шчукін аштрафаваны на 1 мільён 190 тысяч рублёў » article » За правы чалавека

Валер Шчукін аштрафаваны на 1 мільён 190 тысяч рублёў

30 March 2012 | admin |

12033001.jpgУ аршанскім гарадзкім судзе адбыўся суд над грамадзкім дзеячам, дэпутатам Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Валерам Шчукіным. Валера Шчукіна аштрафавалі на 1 мільён 190 тысяч рублёў паводле двух пратаколаў: за дробнае хуліганства — штраф памерам 4 базавыя велічыні, або 140 тысяч рублёў, і за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі — штраф 30 базавых велічынь, або 1 мільён 50 тысяч рублёў.

Працэс над Шчукіным распачаўся аб 11:30. Перад пачаткам працэсу міліцыя не прапускала ў будынак суду людзей бяз позваў. Ахоўнік заявіў журналістам, што гэта адмыловы загад старшыні суду. Журналісты і грамадзкія актывісты, якія прыйшлі падтрымаць Шчукіна, мерзнулі на вуліцы. Пазьней у залю змаглі трапіць некалькі чалавек. Папярэдне людзям загадалі выключыць мабільныя тэлефоны. Міліцыянты не пускалі ў залю тых, хто меў пры сабе хоць якую тэхніку.

Пасьля працяглага перапынку, суд над Валерыем Шчукіным аднавіўся а 16:00. Ахвотным трапіць на працэс давялося прайсьці праз асабісты агляд і агляд рэчаў. Міліцыянты абшуквалі кожнага мэталяшукальнікам і пільна праглядалі зьмесьціва кайстраў. Адразу абвясьцілі, што ў судовую залю не дапусьцяць зь любой аргтэхнікай. Але гэта тычылася ня ўсіх: невядомы хлопец у цывільным, седзячы на апошняй лаўцы, усіх здымаў на мабільны тэлефон.

Адвакатка, якая, паводле дамовы, павінна была бараніць інтарэсы падсуднага, не змагла своечасова даехаць зь Менску ў Воршу і даслала ў суд хадайніцтва, каб працэс перанесьлі. Аднак судзьдзя Тацьцяна Рыбакова хадайніцтва адхіліла: яна заявіла, што спадар Шчукін можа скарыстацца паслугамі адваката зь мясцовай адвакацкай канторы, калі тут жа аплаціць гэтыя паслугі. Валер Шчукін адмовіўся ад такой прапановы, сказаўшы, што давярае толькі той адвакатцы, зь якой дамова ўжо заключаная. А ў такіх акалічнасьцях, калі яго пазбавілі права на абарону, ён адмаўляецца ўдзельнічаць у судовым працэсе.

На пытаньні судзьдзі ён прынцыпова не адказваў і ніякім чынам не рэагаваў на аповеды сьведак — трох супрацоўнікаў міліцыі і дзьвюх супрацоўніц Аршанскага гарсуду. Яны сьведчылі, што Валер Шчукін 29 сакавіка цягам прыкладна дзьвюх гадзін блякаваў уваход на трэці паверх судовага будынка, сеўшы ў праёме дзьвярэй. Міліцыянты казалі, што прапаноўвалі праваабаронцу і журналісту падняцца, але ён не пагадзіўся. Прычым пазьней яшчэ й запатрабаваў, каб яго прапусьцілі на суд над Сяргеем Калякіным, Аляксандрам Атрошчанкавым і Анатолем Лябедзькам. Міліцыянты, паводле іхных словаў, мусілі прымяніць сілу.

Валера Шчукіна затрымалі 29 сакавіка пасьля працэсу над кіраўніком партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргеем Калякіным, кіраўніком АГП Анатолем Лябедзькам і былым палітвязьнем Аляксандрам Атрошчанкавым. Спадар Шчукін пратэставаў супраць таго, што працэс зрабілі закрытым. Сваімі ўчынкамі ён адстойваў ня толькі сваё законнае права знаходзіцца ў залі суду, дамагаўся адкрытасьці працэсу, але і хацеў выказаць маральную падтрымку затрыманым Калякіну, Лябедзьку, Атрошчанкаву. Ноч Валер Шчукін правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Як паведаміў актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Мікалай Петрушэнка, сёньня ні Калякіна, ні Лябедзькі, ні Атрошчанкава ні ў будынку суду, ні ля яго сцен не было. На прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася некалькімі гадзінамі раней, Атрошчанкаў заявіў: «Першым жаданьнем было, вядома, паехаць у Воршу. Але мы вырашылі, што правёўшы прэс-канфэрэнцыю, зможам прыцягнуць больш увагі да выпадку Шчукіна. Бо менавіта ўвага прэсы адыграла ключавую ролю ў тым, што мы сёньня тут, а не за кратамі. Дый без пашпартоў нас ня пусьцяць у будынак суду. Таму я прашу журналістаў падтрымаць Валера Аляксеевіча».

Радыё Свабода, “Народная Воля”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.