web analytics
Ян Дзяржаўцаў судзіцца з раённымі адміністрацыямі Віцебску з-за забароны 15-ці пікетаў » article » За правы чалавека

Ян Дзяржаўцаў судзіцца з раённымі адміністрацыямі Віцебску з-за забароны 15-ці пікетаў

29 March 2012 | admin |

12032914.jpgЗ 23 па 28 сакавіка ў раённых судох Віцебску праходзіла першая сэрыя паседжаньняў па пазовах сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава да раённых адміністрацыяў гораду. Актывіст абскардзіў забарону на правядзеньне пікетаў, вынесеную кіраўніцтвамі адміністрацыяў. 15 пікетаў - па пяць у кожным з раёнаў Віцебску - меркавалася ладзіць штодня, пачынаючы зь першага дня суду над Сяргеем Каваленкам.

Судовыя паседжаньні ў Чыгуначным і Кастрычніцкім раёнах прайшлі па аднолькавым сцэнары. Намесьнікі кіраўнікоў адміністрацыяў, якія прымалі рашэньні аб забароне пікетаў, на суд не зьявіліся, спаслаўшыся на занятасьць, замест іх прысутнічалі спэцыялісты-юрысты. Судзьдзі Сьвятлана Варатынская (суд Чыгуначнага раёну) і Алена Папкова (Кастрычніцкі раён) выслухалі пазоўніка і прадстаўнікоў адміністрацыяў, пасьля чаго абедзьве задаволілі хадайніцтвы Яна Дзяржаўцава аб запрашэньні да ўдзелу ў працэсах перакладчыкаў на беларускую мову і перанесьлі судовыя разгляды на 9 красавіка і 30 сакавіка адпаведна.

Перад тым абедзьве не задаволілі хадайніцтвы аб адводзе судзьдзяў, якія актывіст патлумачыў дзьвюма прычынамі: 1) судзьдзі не вядуць працэс па-беларуску; і 2) у прызначэньні гэтых судзьдзяў браў удзел Аляксандар Лукашэнка, які, паводле сьцьверджаньняў Яна Дзяржаўцава, пасьля рэфэрэндуму і разгону Вярхоўнага Савету ў 1996 годе зьяўляецца нелегітымным прэзыдэнтам, а значыць нелегітымнымі ёсьць і ўсе яго прызначэнцы, дый уся судовая сыстэма краіны.

У судзе Першамайскага раёну таксама гучаў адвод судзьдзі, і таксама ён быў адхілены. Але ўсё астатняе адбывалася па-іншаму. Па-першае, не было нікога з раённай адміністрацыі. Намесьнік кіраўніка А. Красакоў ня толькі сам праігнараваў суд, але і не паслаў у яго нікога замест сябе. Па-другое, судзьдзя Вольга Ільюшонак, відаць, улічыла досьвед сваіх калегаў: калі працэс распачаўся, і спадар Дзяржаўцаў заявіў, як і ў іншых судох, хадайніцтва аб перакладчыку, судзьдзя абвясьціла, што перакладчыка яна ўжо загадзя запрасіла, ён прысутнічае ў залі і можа зараз жа ўзяцца за працу.

Хаця судовае паседжаньне ў Першамайскім райсудзе адбывалася без удзелу адказьніка, судзьдзя вырашыла, што гэта не зьяўляецца перашкодай для ўсебаковага і аб’ектыўнага судовага разбору, і ня стала адкладваць далейшы разгляд справы на іншы дзень. Менш як праз дзьве гадзіны пасьля пачатку суду яна абвясьціла рашэньне: у пазове супраць кіраўніцтва адміністрацыі раёну наконт забароны пікету Яну Дзяржаўцаву адмовіць.

“Віцебская Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.