web analytics
У Воршы судзілі лідэраў апазыцыі, зьнятых зь цягніка ў ноч на 28 сакавіка » article » За правы чалавека

У Воршы судзілі лідэраў апазыцыі, зьнятых зь цягніка ў ноч на 28 сакавіка

29 March 2012 | admin |

12032904.jpgАляксандра Атрошчанкава, Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзьку 29 сакавіка судзілі ў Воршы за «дробнае хуліганства». Пачатак паседжаньня ў судзе Аршанскага раёну пад старшынствам судзьдзі Натальлі Байцовай праходзіў, па сутнасьці, за зачыненымі дзьвярыма: у залю суду не пусьцілі ні сваякоў затрыманых, ні праваабаронцаў. Шматлікія хадайніцтвы падсудных былі адхіленыя, у тым ліку судзьдзя адмовіла Аляксандру Атрошчанкаву ў праве на свайго адваката. Суд аштрафаваў кожнага падсуднага на 350 тысяч рублёў (10 базавых велічынь).

Перад абедам міліцыянты, праз мэталяшукальнік і з забаронай на фота- і відэазапіс, прапусьцілі ў залю, дзе адбываўся суд, 8 чалавек. Сярод іх былі родзічы затрыманых і праваабаронцы. З 13:00 да 14:00, пакуль у судзе быў абедзены перапынак, людзей не прапускалі ў будынак, але і тых, хто знаходзіўся ў гэты час унутры, не выганялі. Такім чынам, усе, хто прыйшоў і прыехаў на працэс (агулам чалавек 30), былі разьбітыя на тры групы: восемь чалавек у залі суду, больш за дзесяць каля дзьвярэй трэцяга паверху і некалькі чалавек, якія зь нейкіх прычынаў прыйшлі пазьней або выходзілі з будынку - на вуліцы. Суд цягнуўся да канца рабочага дня.

У інтэрвію charter97.org Аляксандар Атрошчанкаў распавёў падрабязнасьці затрыманьня: «Напэўна, многія задаюцца пытаньнем, навошта мы паехалі ў Маскву на цягніку? Мы разумелі, што ёсьць рызыка, і ехалі сьвядома. У Воршы ў купэ ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі. Сказалі, што, паводле іхнай інфармацыі, мы правозім наркатычныя рэчывы. Пры гэтым усім камандавалі людзі ў цывільным, здымалі тое, што адбываецца, на камэру, міліцыянты маўчалі. Наркотыкаў, вядома, не знайшлі, але нас абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Учора гэта ўсё больш нагадвала выкраданьне. Мы сядзелі ў ІЧУ без усялякіх падставаў. Сьмешна было сёньня слухаць, што суд адбываецца, “зыходзячы з апэратыўных меркаваньняў”. На працэсе былі адхіленыя ўсе нашы хадайніцтвы, у тым ліку, аб разглядзе на судзе відэаздымкаў таго, што адбывалася ў вагоне. Сьведкі - супрацоўнікі міліцыі былі шмат разоў злоўленыя на хлусьні. Тое, што вынесены такі прысуд (нават трохі сэнсацыйны), вядома, заслуга журналістаў, бо рэзананс быў велізарны».

«Радасьць ад нашага вызваленьня была азмрочаная практычна адразу ж. Пасля вызваленьня мы паехалі ва УУС на транспарце г. Воршы. Нам вярнулі ўсе рэчы, акрамя пашпартоў. Прычым ніякіх уцямных тлумачэньняў не далі, на руках у нас расьпіска супрацоўнікаў УУСТ, што нашы рэчы павінны быць у іх, але там нам паведамілі, што ІЧУ адправіў іх у аддзел па грамадзянскай міграцыі па месцы жыхарства. Упэўнены, што свае пашпарты мы ўжо ня ўбачым. Робіцца гэта для таго, каб абмежаваць магчымасьць падарожнічаць, прысутнічаць на міжнародных форумах, даносіць пункт гледжаньня вальнадумных беларусаў», - упэўнены Атрошчанкаў.

Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы добрасуседзтва Штэфан Фюле асудзіў затрыманьне ў Воршы трох прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. «Мы асуджаем той факт, што ўлады перашкодзілі некаторым удзельнікам прыехаць у Брусэль. Але гэта не перашкодзіць нам прыняць да ўвагі і зрабіць неад’емнай часткай дыялёгу погляды гэтых людзей. Можаце не сумнявацца, мы ўключым у гэты дыялёг усіх, хто мае бачаньне лепшай, эўрапейскай будучыні для Беларусі», - заявіў эўракамісар Фюле.

Радыё Свабода, Орша.eu, Хартыя ‘97, АГП

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.