web analytics
Праваабаронца Валер Шчукін затрыманы ў Воршы » article » За правы чалавека

Праваабаронца Валер Шчукін затрыманы ў Воршы

29 March 2012 | admin |

12032905.jpgПраваабаронца Валер Шчукін затрыманы ў Воршы і знаходзіцца ў гарадзкім аддзеле міліцыі, паведаміў дзяжурны маёр Даніленка. 70-гадовы праваабаронца правядзе ноч у аддзеле міліцыі. 30 сакавіка адбудзецца разгляд па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні. Хутчэй за ўсё, праваабаронцу «шыюць» справу аб дробным хуліганстве.

Валер Шчукін быў адным з удзельнікаў групы праваабаронцаў і журналістаў, якія прыехалі ў Воршу, каб падтрымаць затрыманых Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Атрошчанкава ў судзе. Міліцыянты ў рангу маёраў і лейтэнантаў сталі на ўсходах і не пускалі нікога, у тым ліку журналістаў, на трэці паверх суду, дзе праходзіла паседжаньне. Праваабаронца Валер Шчукін спрабаваў прарвацца на паседжаньне. Калі яго не пусьцілі, ён заблякаваў сваім целам дзьверы, што вядуць на трэці паверх, каб іх не зачынілі.

Пазьней, калі ў залю дапусьцілі 8 сваякоў палітыкаў і праваабаронцаў і 10 міліцыянтаў, Валер Шчукін у залю суду не патрапіў. На званкі пасьля 15:30 ён не адказваў. Толькі ў 18:00 стала вядома, што ён затрыманы міліцыянтамі. Праваабаронца Мікалай Петрушэнка зьвярнуўся ў аршанскую міліцыю з пісьмовым патрабаваньнем забясьпечыць Валера Шчукіна ўсім неабходным, паведаміўшы праваахоўнікам, што зусім нядаўна Шчукін праходзіў лячэньне ў сталічным ваенным шпіталі. У Валера Шчукіна праблемы са страўнікам: ён павінен прытрымлівацца строгай дыеты.

“Наш дом”
Фото: ucpb.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.