web analytics
Віцебскія ўлады адмаўляюцца адмяніць плату за паркоўку ля аб’ектаў гандлю » article » За правы чалавека

Віцебскія ўлады адмаўляюцца адмяніць плату за паркоўку ля аб’ектаў гандлю

29 February 2012 | admin |

12022905.jpgАўтаўладальнікі Віцебску абураюцца: чаму яны павінны плаціць за паркоўку каля гандлёвага цэнтру “Эвіком”, калі законам рэглямэнтавана, што ля гандлёвых аб’ектаў паркоўкі бясплатныя. Улады парыруюць: паркоўка належыць трамвайна-тралейбуснаму ўпраўленьню, значыць, да аб’ектаў гандлю дачыненьня ня мае. Праблему платнай паркоўкі на вуліцы Церашковай паднялі прадпрымальнікі з будаўнічага рынку, аўтарынку і гандлёвага цэнтру “Эвіком”. Гэткія аб’екты павінны быць першапачаткова абсталяваныя бясплатнымі аўтастаянкамі. Але калі ўжо такіх аўтастаянак няма - дык прынамсі для пакупнікоў паркоўка павінна быць бясплатнай, а не па 3 000 рублёў за гадзіну.

Мясцовыя жыхары падзяляюць незадаволенасьць аўтаўладальнікаў, хаця ў іх - свая падстава для абурэньня. Бо менавіта ў іх дварох намнажаюцца машыны, гаспадары якіх ня хочуць плаціць грошы за “аўта-месца” ўздоўж праезнай часткі.

Вырашыць праблему з паркоўкай уздоўж вуліцы Церашковай спрабуе кампанія “Гавары праўду”. Актывіст кампаніі Сяргей Парсюкевіч атрымаў афіцыйныя адказы ад мясцовых уладаў, якім былі дасланыя калектыўныя лісты гараджан з сотнямі сабраных подпісаў:

- Спачатку мы спрабавалі арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі гарвыканкаму. 6 студзеня яна адбылася: прыйшлі работнікі выканкаму і супрацоўнікі міліцыі, якія, пэўна, рыхтаваліся ўціхамірваць “несанкцыянаваны мітынг”. Аднак атрымаць удалося толькі вусныя тлумачэньні наконт таго, што, маўляў, з паркоўкай усё законна. Прыйшлося заняцца ліставаньнем - зьвярнуцца ў гарвыканкам па пісьмовыя тлумачэньні. На жаль, адказ намесьніка старшыні гарвыканкаму Іосіфа Бакевіча быў звычайнай адпіскай. У ім было сказана, што паркоўка адкрытая “ў мэтах выкананьня п. 7 пратаколу даручэньняў № 1 ад 1 сьнежня 2008 году старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандра Косінца”. Выходзіць - губэрнатар даручыў, і паркоўка адкрылася, акурат бы ў казцы. Зрэшты, нават вытрымку з гэтага “п. 7″ чыноўнік прывесьці не знайшоў часу.

Не задаволеныя гэткім адказам, віцебскія актывісты зьвярнуліся ў аблвыканкам. У адказе намесьніка старшыні А. В. Дзівуліна сказана, што на вуліцы Церашковай “паркоўкі не ўваходзяць у межы тэрыторыяў гандлёвага цэнтру ‘Эвіком’, рынку будматэрыялаў і іншых аб’ектаў з масавым наведваньнем людзей”. І што забесьпячэньне функцыянаваньня парковак ўскладзенае на трамвайна-тралейбуснае ўпраўленьне, якое дае рады сваёй задачы, папаўняючы гарадзкі бюджэт.

-У адказе з аблвыканкаму напісана, што ў выпадку нязгоды я магу зьвяртацца ў суд. Магчыма, так мы і зробім. Хаця напачатку я хацеў бы выслухаць думку зацікаўленых у вырашэньні гэтай праблемы жыхароў Віцебску. Я - за шырокае грамадзкае абмеркаваньне. Думаю, дасьведчаныя людзі могуць падказаць, куды яшчэ можна зьвярнуцца, каб пытаньне наконт адмены платы за паркоўку ўсё ж вырашылася, - кажа Сяргей Парсюкевіч.

Дарэчы, на сайце Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту разьмешчанае рашэньне № 991 ад 5 ліпеня 2010 году “Аб вызначэньні аўтамабільных парковак, на якіх спаганяецца плата за паркоўку (стаянку) транспартных сродкаў у спэцыяльна абсталяваных месцах”, але ў ім ня згадваюцца паркоўкі на Церашковай.

12022906.jpg

12022907.jpg

Беларускія рэгіянальныя навіны
Сканы дакумэнтаў: “Віцебская Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.