web analytics
Міліцыянты і старшыні мясцовых саветаў змушаюць жыхароў Аршанскага раёну карыстацца платнымі паслугамі доктара Сайкова » article » За правы чалавека

Міліцыянты і старшыні мясцовых саветаў змушаюць жыхароў Аршанскага раёну карыстацца платнымі паслугамі доктара Сайкова

29 February 2012 | admin |

12022902.jpgУ Аршанскім раёне на добраахвотна-прымусовай аснове штогод супрацоўнікі Аршанскага РАУС сумесна са старшынямі сельскіх і пасялковых Саветаў зьбіраюць сваіх падапечных на сэансы вядомага ў Беларусі нарколяга, доктара-псыхатэрапэўта Дзьмітрыя Сайкова (на фота). Апошняя алькагольная акцыя з ініцыятывы Аршанскага РАУС ладзілася нядаўна ў Забалоцкім Доме культуры, дзе за мінімальную плату было праведзена кадаваньне 75 вяскоўцаў Аршанскага раёну, паведамляе «Аршанская газэта».

Памер «мiнiмальнай платы» ў публікацыі не пазначаны. Як удалося высьветліць, кошт паслугі «лячэньне алькагольнай залежнасьці па мэтадзе эмацыйна стрэсавай тэрапіі» для індывідуальных кліентаў - 550 тысяч беларускіх рублёў. Не зразумелы таксама мэханізм захоўваньня ананімнасьці пацыентаў у перапоўненым ДК - па тэлефоне кансультант доктара Сайкова удакладніў, што працэдура «строга індывідуальная» і «ананімная па жаданьні», але застацца інкогніта ў натоўпе «75 вяскоўцаў Аршанскага раёну», відавочна, не ўяўлялася магчымым.

Доктар Сайкоў лічыць, што «выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу ў спалучэньні з прафэсійнай працай лекараў дае абнадзейлівыя вынікі», піша раённая газэта. Разам зь вядомым доктарам плячо ў плячо з алькагалізацыяй насельніцтва змагаюцца супрацоўнікі правапарадку. Сярод іх - начальнік Аршанскага РАУС Леанід Міхайлаў: «Я цьвёрда перакананы ў тым, што чалавеку, які патрапіў у пастку алькагольнай залежнасьці, абавязкова трэба дапамагчы, а часам нават і супраць яго волі», - камэнтуе гэтую сферу міліцэйскай дзейнасьці начальнік РАУС.

Усяго за тры гады лячэньне гэткім спосабам прайшлі больш за 300 чалавек. Як паведамляе «Аршанская газэта», найбольш актыўна на Віцебшчыне гэты мэтад выкарыстоўваецца ў Пастаўскім, Верхнядзьвінскім, Лепельскім, Шумілінскім і Аршанскім раёнах.

12022903.jpg

“Наш дом”
Фота: Тут.бай

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.