web analytics
Жыхары Браслава пратэстуюць супраць “зон, вольных ад паленьня” » article » За правы чалавека

Жыхары Браслава пратэстуюць супраць “зон, вольных ад паленьня”

28 February 2012 | admin |

12022804.jpgПратэст выклікала не сама ініцыятыва забараніць паленьне ў пэўных месцах, а тое, што з жыхарамі Браслава ніхто не абмяркоўваў гэтую праблему. Выбар аб’ектаў, у раёне якіх курцоў будуць штрафаваць, задавальняе далёка ня ўсіх тых, хто паліць і ня паліць.

У адпаведнасьці з рашэньнем Браслаўскага райвыканкаму, зонамі, вольнымі ад паленьня, сталі тэрыторыі гарадзкога парку, сквэраў насупраць “Гаргазу” і банку па вуліцы Кастрычніцкай, гарадзкога стадыёну, Замкавай гары, аўтастанцыі. Паліць забаранілі на плошчы ў раёне Лесьнічоўкі і насупраць будынку райвыканкаму, а таксама на тэрыторыі, прылеглай да раённага дому культуры па вуліцы Булойчыка.

“Я катэгарычна адмоўна стаўлюся да паленьня ў грамадзкіх месцах. Але чаму зонай, вольнай ад паленьня, абвясьцілі нашу недабудаваную аўтастанцыю, мне не зразумела! Там жа людзей няма, завяршаецца будаўніцтва. Атрымліваецца, рабочых будуць штрафаваць? Лепш бы абвясьцілі забарону на паленьне каля нашай школы, і штрафавалі бацькоў, калі вучня з цыгарэтай зловяць”, - разважае настаўніца браслаўскай гімназіі.

Як патлумачыла галоўная санітарная лекарка Браслаўскага раёну Вольга Рудакова, паленьне на тэрыторыі аўтастанцыі забароненае менавіта ў інтарэсах браслаўскіх гімназістаў. Калі аўтастанцыя будзе ўведзеная ў строй пасьля рэканструкцыі, дык яе тэрыторыя будзе праглядацца з гімназіі. Такім чынам, навучэнцаў імкнуцца ўсьцерагчы ад згубнага ўплыву.

Мясцовыя чыноўнікі таксама сталі “закладнікамі” выхаваўчага працэсу: зацьвердзіць у якасьці зоны, вольнай ад паленьня, тэрыторыю каля райвыканкаму прыйшлося таму, што насупраць разьмяшчаецца сярэдняя школа № 2, а чыноўнікі і іншыя кіраўнікі не павінны паказваць благі прыклад дзецям. Дык што “перакур” пасьля паседжаньня цяпер адмяняецца?

Папрасіўшы не называць яго імя, працаўнік райвыканкаму дзеліцца сваімі меркаваньнямі з гэтай нагоды: “Забараніць нешта ў нас - не праблема. Але трэба падумаць пра абсталяваньне адмысловых месцаў для паленьня, як у Эўропе. А ў нас спачатку прынята забараніць, выклікаць буру абурэньня, а потым апраўдвацца - маўляў, сродкаў на абсталяваньне ‘курылак’ няма, рабіце што хочаце!”

Працаўніца раённага дому культуры кажа, што навогул не ўяўляе, як будзе дзейнічаць гэтая забарона: “Гэта называецца ‘прымусь дурня Богу маліцца!’ Паліць забаранілі, а вось спэцыяльна адведзеныя месцы для паленьня не вылучылі. Нашы работнікі паляць, на ганак дому культуры моладзь пастаянна выходзіць паліць падчас дыскатэкаў. У райвыканкаме думаюць, што іх забарона падзейнічае? Ну, будуць штрафаваць. Значыць, будуць кідаць цыгарэты пад ногі, уцякаць і хавацца”.

Зоны, вольныя ад паленьня, неўзабаве зьявяцца ва ўсіх райцэнтрах Віцебскай вобласьці. Гэта адно з патрабаваньняў канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі супрацьдзеяньня спажываньню тытуню на 2011 - 2015 гады, зацьверджанай указам Міністэрства аховы здароўя. А вось вызначаць, у якіх менавіта месцах у канкрэтным населеным пункце паленьне будзе забароненае, павінны выканкамы. Так, Дубровенскі райвыканкам забараніў паліць у раёне гарадзкога стадыёну. Папярэдзіўшы, што парушальнікаў будуць затрымліваць, складаць пратаколы і выпісваць штрафы да чатырох базавых велічынь, гэта значыць ад 35 да 140 тысяч рублёў, а з 1 красавіка - гэта складзе да 400.000 рублёў.

Жыхарам Браслава аб памеры штрафу пакуль не паведамляюць. Дарэчы, вызначыць яго таксама павінны мясцовыя ўлады, бо ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях няма артыкулу, які прадугледжвае пакараньне за паленьне.

Беларускія рэгіянальныя навіны

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.