web analytics
Рэха суду над Каваленкам у Першамайскім райсудзе Віцебску » article » За правы чалавека

Рэха суду над Каваленкам у Першамайскім райсудзе Віцебску

28 February 2012 | admin |

12022801.jpgПартыйцы, журналісты, праваабаронцы, сваякі падсуднага і шараговыя грамадзяне напісалі паўсотні скаргаў на тое, што іх не пусьцілі на суд над віцебскім актывістам, які праходзіў з 21 па 24 лютага. “Кніга заўвагаў і прапановаў” цяпер запоўненая, трэба заводзіць новую і пісьмова адказваць кожнаму, хто запісаў свае прэтэнзіі. Многія скаргі тычыліся таго, што з 23 лютага працэс над Каваленкам практычна стаў закрытым. На яго не дапусьцілі нават сваякоў падсуднага апазыцыянэра, пра што і напісала скаргу ягоная жонка, Алена Каваленка.

Некалькі запісаў зрабіў праваабаронца Валер Місьнікаў: “Я пачаў з таго, што 23 лютага мяне не пускалі нават у канцылярыю, дзе захоўваецца тая ‘Кніга заўвагаў і прапановаў’. Прычым не прапусьцілі не работнікі суду, а супрацоўнікі міліцыі, якія выставілі ў калідоры кардон і ўсім тут камандавалі. Давялося пісаць скаргу нават на тое, што людзей, якія чакалі ў калідоры, не пускалі ў прыбіральню. Пасьля гэтага пачалі пускаць – па адным, з дазволу канвою”.

Дарэчы, спадар Місьнікаў пакінуў запісы ня толькі ў “Кнізе заўвагаў і прапановаў”: пасьля таго, як яму яе не далі на першае патрабаваньне, ён паехаў у абласную ўправу МУС і напісаў заўвагу там, бо лічыць незаконным, калі супрацоўнікі міліцыі распараджаюцца ў судовым будынку.

Афіцыйнай прычынай, зь якой люзей не пускалі ў судовую залю, была адсутнасьць месцаў. У другі дзень, пасьля таго, як жонка актывіста разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг і дастала плякат “Свабоду беларусу Сяргею Каваленку”, суд перанесьлі з самай вялікай залі № 8, разлічанай на 50 месцаў, у залю № 6, меншую ўдвая. У трэйці дзень суду яе запоўнілі “асобамі ў цывільным”, сярод якіх не было ніводнага знаёмага падсуднаму чалавека. Тых, хто прыйшоў выказаць салідарнасьць зь Сяргеем Каваленкам, выдалілі нават з судовага будынку.

З разлікам на тое, што і ў апошні дзень суду месцаў “ня хопіць”, пэнсіянерка Антаніна Піванос прыйшла са сваім раскладным зэдлікам: “Мне сказалі, што няма месцаў. Я сказала, што маю сваё. Мяне не пусьцілі зноў. Таму напісала скаргу, што мае правы парушылі!”

Сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў напісаў скаргу дома, бо па “Кнігу заўвагаў і прапановаў” 24 лютага ўжо стаяла чарга: “Напісаў на двух аркушах пра ўсё тое беззаконьне, што тут чынілі міліцыянты. Няхай мне адкажа старшыня суду Ўладзімер Бясьсьмертны, на якой падставе супрацоўнікі міліцыі тут ‘гаспадарылі’, зьневажаючы людзей!”

Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.