web analytics
Праваабаронца Павал Левінаў патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць судзьдзі Алены Жук » article » За правы чалавека

Праваабаронца Павал Левінаў патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць судзьдзі Алены Жук

28 February 2012 | admin |

12022101.jpgПа выніках працэсу над Сяргеем Каваленкам віцебскі праваабаронца Павал Левінаў накіраваў ва ўпраўленьне сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці 4 скаргі на дзеяньні судзьдзі Першамайскага суду Алены Жук, старшыні суду Ўладзімера Бясьсьмертнага, а таксама мэдыкаў «хуткай дапамогі». Павал Левінаў просіць узбудзіць супраць іх крымінальныя справы.

На думку праваабаронцы, старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску Ўладзімер Бясьсьмертны і судзьдзя Алена Жук наўмысна перашкодзілі законнай дзейнасьці праваабарончай грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» («БХК»). Гэта спрычынілася да «істотных парушэньняў правоў і законных інтарэсаў грамадзкага аб’яднаньня». Такі ўчынак утварае склад крымінальна каральнага дзеяньня, адказнасьць за якое вызначаная артыкулам 194 КК РБ.

Павал Левінаў растлумачыў, што на працэсе ён выступаў у якасьці назіральніка ад «БХК». Але 23 лютага ня змог патрапіць у залю, нягледзячы на ??тое, што прыбыў у суд больш як за гадзіну да пачатку паседжаньня. Паводле словаў супрацоўнікаў міліцыі, усе месцы ў залі судовага паседжаньня былі занятыя. У той самы дзень старшыня “БХК” Алег Гулак пісьмова зьвярнуўся да старшыні суду з просьбай аказаць праваабаронцу садзейнічаньне. Старшыня суду самаўхіліўся ад апэратыўнага разгляду звароту, сьцьвярджае Левінаў.

На наступны дзень ён зноў ня змог трапіць у залю судовага паседжаньня, хаця ў суд Першамайскага раёну Віцебску прыбыў за 20 хвілін да пачатку яго працы і за 1 гадзіну і 20 хвілін да пачатку судовага паседжаньня. Адвакаты Каваленкі 24 лютага заявілі хадайніцтва аб разглядзе звароту старшыні РПГА “БХК” Алега Гулака судзьдзі Алене Жук, што старшынствавала па справе, якая далучыла зварот да матэрыялаў справы, а просьбу аб допуску ў залю судовага паседжаньня прадстаўніка грамадзкага аб’яднаньня - адхіліла.

Праваабаронца Павел Левінаў просіць узбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да судзьдзі Алены Жук і ў сувязі з тым, што яна «сьвядома пакінула Сяргея Каваленку без неабходнай і відавочна не адкладнай дапамогі» (арт. 159 КК РБ). Левінаў тлумачыць, што Сяргей Каваленка неаднаразова заяўляў судзьдзі пра тое, што знаходзіцца ў небясьпечным для жыцьця стане, і патрабаваў неабходнай неадкладнай дапамогі ў цывільнай лячэбнай стацыянарнай установе. Сьцьвярджаў, што, знаходзячыся пад вартай, ня зможа правільна, без наступстваў для яго здароўя, выйсьці з галадоўкі пратэсту, нават калі прыме такое рашэньне. Судзьдзёй Жук рашэньне аб неабходнай і відавочна не адкладнай дапамозе Сяргею Каваленку прынятае не было.

Адмовіліся дапамагчы галадоўніку і мэдыкі хуткай мэдычнай дапамогі, якіх выклікалі да будынку суду 23 лютага. Лекары адмовіліся нават зірнуць на абвінавачанага. Акрамя таго, не назваліся і не патлумачылі матываў адмовы (Левінаў прыклаў да заявы фота лекараў). Як лічыць праваабаронца, учынак мэдыкаў утварае склад крымінальна каральнага дзеяньня, адказнасьць за якое вызначаная артыкулам 161 КК РБ.

Яшчэ адна заява праваабаронцы ў сьледчы камітэт па Віцебскай вобласьці тычылася стану дзяржаўнага сьцягу над уваходам у суд: «У пэрыяд з 21 па 24 лютага 2012 году ў будынку суду Першамайскага раёну адбываўся міліцэйска-судовы працэс над Грамадзянінам Рэспублікі Беларусь Сяргеем Каваленкам, які нібыта ўхіляўся ад адбыцьця пакараньня за вывешваньне Нацыянальнага Сьцягу Рэспублікі Беларусь на навагодняй ёлцы гораду Віцебску. Адбываўся ў будынку, над уваходам у які лунаў абадраны Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь. Неаднаразовыя патрабаваньні да старшыні і работнікаў суду аб замене Дзяржаўнага сьцягу Рэспублікі Беларусь ні да чаго не прывялі».

«У гэтыя дні будынак суду наведвалі ня толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, але і грамадзяне іншых дзяржаў, у тым ліку дыпляматы», - гаворыцца ў заяве. На думку Левінава, старшыня Першамайскага суду такім спосабам наўмысна пазьдзекаваўся зь Дзяржаўнага сьцягу Рэспублікі Беларусь, што зьяўляецца крымінальным злачынствам (арт. 370 КК РБ).

Віцебскі кур’ер

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.