web analytics
Віцебскія праваабаронцы адгукнуліся на просьбу Вярхоўнага суду і ў адказ атрымалі адпіску » article » За правы чалавека

Віцебскія праваабаронцы адгукнуліся на просьбу Вярхоўнага суду і ў адказ атрымалі адпіску

27 November 2011 | admin |

11112702.jpgЯк паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, гэтая ўстанова ладзіць маніторынг дзейнасьці судовай сыстэмы. Таму грамадзян просяць дасылаць свае ацэнкі і прапановы па ўдасканаленьні судовай дзейнасьці. Праваабаронцы Віцебску вырашылі адгукнуцца на гэтую просьбу і накіравалі ў адрас Вярхоўнага суду свае прапановы наконт працы агульных судоў. Паведамленьне, надоечы атрыманае праваабаронцамі ў адказ на іхны зварот, расчаравала.

Вярхоўны суд ня стаў зважаць на прапановы праваабаронцаў. Адзінае, што ім паведамілі ў адказ - гэта тое, што іхны ліст перанакіраваны старшыні Віцебскага абласнога суду - “для прыняцьця да ведама выкладзеных у лісьце заўвагаў і прапановаў па арганізацыі работы Віцебскага абласнога суду і раённых судоў Віцебскай вобласьці”.

Перш як выказаць свае меркаваньні наконт дзейнасьці судоў Віцебшчыны, праваабаронцы ажыцьцявілі ўласны маніторынг працы гэтых судоў. Дзеля гэтага яны неаднаразова наведвалі абласны суд, тры райсуды гораду Віцебску, суд Віцебскага раёну, а таксама суды, разьмешчаныя ў райцэнтрах Лёзна, Гарадок, Сянно, Шуміліна, Дуброўна і Бешанковічы. Прааналізаваўшы атрыманыя дадзеныя, праваабаронцы склалі сьпіс сваіх рэкамэндацыяў па паляпшэньні працы судоў:

1. Замяніць шыльды на будынках судоў, зрабіць іх на дзьвюх дзяржаўных мовах.
2. Разьмясьціць на будынках судоў інфармацыю пра рэжым працы судоў.
3. Разгрузіць раённыя суды ў г. Віцебску праз увядзеньне спэцыяльных судоў - у выглядзе гарадзкога Адміністрацыйнага суду.
4. Пашырыць паўнамоцтвы і частату ўдзелу ў працэсах народных засядацеляў.
5. Выдаліць з будынкаў судоў службы, якія не датычаць судовай сыстэмы (управу юстыцыі, адвакацкія канторы, юрыдычныя кансультацыі і г.д.).
6. Перавесьці суд Чыгуначнага раёну г. Віцебску ў асобны будынак.
7. Перавесьці сакратарыяты судоў на кампутарны набор пратаколаў судовых паседжаньняў непасрэдна падчас судовых працэсаў.
8. Увесьці абавязковы відэазапіс судовых працэсаў.
9. Адмяніць запісваньне ў журнал на ўваходзе супрацоўнікам міліцыі наведвальнікаў суду.
10. Аднавіць гендэрную роўнасьць судзьдзяў раённых судоў.
11. Шырэй выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналёгіі. Разгледзець магчымасьць электроннай падачы заяваў і скаргаў.
12. Стварыць сайт Віцебскага абласнога суду.
13. Зрабіць працу судоў больш публічнай. Абавязаць старшыню Віцебскага суду выступаць з паўгадавымі справаздачамі для шырокай грамадзкасьці.

Праваабаронцы не губляюць надзеі на тое, што праведзеная імі праца ня станецца дарэмнай і што Віцебскі абласны суд, у які “адфутболілі” іхны ліст, прыслухаецца да іх прапановаў. “Спадзяюся, наш сьціплы ўдзел у справе маніторынгу судоў паспрыяе паляпшэньню іхнага матэрыяльна-тэхнічнага стану, зробіць больш камфортнымі месцы працы судзьдзяў, а таксама спросьціць зносіны грамадзян з судовай сыстэмай,” - заяўляе адзін з ініцыятараў звароту ў Вярхоўны суд Леанід Сьвецік.

“За правы чалавека”