web analytics
Змаганьне ў Віцебскім аблсудзе за права на правядзеньне мірных акцыяў: спроба № 2 » article » За правы чалавека

Змаганьне ў Віцебскім аблсудзе за права на правядзеньне мірных акцыяў: спроба № 2

21 November 2011 | admin |

11112101.jpgХрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў, Ян Дзяржаўцаў далей будуць змагацца за свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй. Чарговае судовае разьбіральніцтва прызначанае на 28 лістапада. У гэты дзень у Віцебскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі, пададзенай актывістамі на пастанову суду Чыгуначнага раёну Віцебску, прынятую 14 кастрычніка.

Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня гарантуюцца грамадзянам 35-м артыкулам Канстытуцыі. Аднак на практыцы скарыстацца з права на правядзеньне мірных ацыяў у Віцебску немагчыма. Раз-пораз жыхары гораду над Дзьвіной падаюць у мясцовыя ворганы ўлады заяўкі на такія акцыі, і штораз у задавальненьні заявак ім адмаўляюць. Прычына адмоваў заўсёды адна і тая ж: заяўнікі, маўляў, не выконваюць патрабаваньне рашэньня № 881 Віцебскага гарвыканкаму.

Віцебскія актывісты кажуць, што яны і рады былі б выканаць згаданае вышэй патрабаваньне. Перш як зладзіць нейкі мітынг або пікет, яны гатовыя заключаць адпаведныя дамовы зь міліцыянтамі, мэдыкамі, камунальнікамі. Але пакуль ніводнага разу гэтага не атрымалася: заўжды нехта з тых, з кім улады вымагаюць заключаць дамовы, адмаўляецца рабіць гэта. Менавіта дзеля таго, каб вырашыць праблему, што склалася з-за рашэньня № 881, актывісты і зьвярнуліся ў суд.

Варта нагадаць, што справа спадароў Жаляпава, Гаўруцікава і Дзяржаўцава - ня першая з шэрагу падобных у аблсудзе. 10 лістапада Віцебскі абласны суд разьбіраў яшчэ адну аналягічную справу. Тады судзьдзі ўважліва выслухалі аргумэнты праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, які патрабаваў скасаваць рашэньне № 881 гарвыканкаму, але вырашылі пакінуць усё як ёсьць. Хутка даведаемся, ці стане спроба № 2 адстаяць у абласным судзе свабоду масавых мерапрыемстваў больш удалай.

“За правы чалавека”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.