web analytics
Жыхары Баравухі пратэстуюць супраць будаўніцтва палігону для біяачысткі » article » За правы чалавека

Жыхары Баравухі пратэстуюць супраць будаўніцтва палігону для біяачысткі

30 October 2011 | admin |

PhotobucketУ гарадзкім пасёлку Баравуха Полацкага раёну прайшоў сход «старэйшынаў» і дэпутатаў пасялковага Савету. Галоўнае пытаньне, якое хвалюе жыхароў Баравухі - будаўніцтва менш як у кілямэтры ад жылых дамоў палігону для біялягічнай ачысткі грунтоў, забруджаных нафтапрадуктамі. Участак зямлі пад прадпрыемства па ачыстцы нафтазабруджанага грунту быў перададзены ТДА «Віцень» рашэньнем № 144 Віцебскага аблвыканкаму ад 14 сакавіка 2011 году.

Агульны настрой жыхароў Баравухі, якія прыйшлі на сход, можна было ахарактарызаваць адной фразай: “Не дазволім!». На вуліцах, ля пад’ездаў дамоў і ў крамах можна пачуць і больш радыкальныя думкі: тут людзі, не саромеючыся ў выразах, абяцаюць у выпадку пачатку работ ледзь не дывэрсіі і масавыя дэманстрацыі.

Усіх хвалюе менавіта экалягічны складнік гэтага праекту. Жыхары Баравухі баяцца за сваё здароўе, перажываюць за тое, што ўжо няма куды будзе схадзіць па грыбы і ягады, і прыйдзецца ўдыхаць ня вельмі прыемныя водары. «Ружа вятроў» у пасёлку гэткая, што больш за 200 дзён у годзе тут дзьмуць заходнія, паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры, а палігон будзе разьмяшчацца з наветранага боку Баравухі. Прысутныя на сходзе чыноўнікі амаль у адзін голас казалі пра тое, што ад іх нічога не залежыць, бо гэта зямля Полацкага раёну, і паўплываць на рашэньні раённых уладаў яны ня могуць.

Старшыня пасялковага Савету Баравухі Сяргей Сплендар распавёў, што кіраўнік ТДА «Віцень» абяцаў «інвэставаць у пасёлак» адзін мільён эўра. Зрэшты, на думку Сплендара, гэтых грошай ня хопіць нават на тое, каб адрамантаваць будынак мясцовага палацу культуры. Паводле словаў старшыні пасялковага Савету, у ТДА «Віцень» ня ведалі, што на цяперашні момант у пасёлку дзейнічае 56 прадпрыемстваў і што на зноў створаныя працоўныя месцы за абяцаныя 500.000 рублёў зарплаты ў «Віцень» ніхто ня пойдзе.

Кіраўнік гаррайінспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ўладзімер Куксёнак паведаміў, што «поўная інфармацыя пра магчымы ўплыў гэтага прадпрыемства на навакольнае асяродзьдзе зьявіцца толькі пасьля таго, як будзе распрацаваны разьдзел “Ацэнка праекту на навакольнае асяродзьдзе”». Тады ў кіраўніка прадпрыемства будзе магчымасьць распавесьці падрабязна, у чым будзе заключацца тэхналёгія, і як яна будзе ўзьдзейнічаць на навакольнае асяродзьдзе. А старшыня Наваполацкага гарадзкога Савету дэпутатаў Міхаіл Бакевіч паабяцаў найбліжэйшым часам арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі Полацкага райвыканкаму і кіраўніцтвам ТДА «Віцень».

Карэспандэнт выданьня «Хімік» звязаўся па тэлефоне з кіраўніком ТДА «Віцень» Алегам Віценем. З размовы сталася вядома, што замоўцам арганізацыі вытворчасьці па біялягічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтоў зьяўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а дазвол даваўся Радай бясьпекі Беларусі. Паводле словаў Алега Віценя, у полацкіх землеўпарадчыкаў было тры праекты на выкарыстаньне гэтых земляў. Першы - стварыць тут палігон цьвёрдых бытавых адходаў (папросту звалку), другі - калюмбар (то бок месца для спальваньня адходаў), і трэці - палігон біялягічнай ачысткі грунтоў.

«Паколькі я ствараю працоўныя месцы, прынялі рашэньне вылучыць зямлі пад гэткую вытворчасьць. А выкарыстоўваю я ўчастак, дзе раней здабываўся пясок, у гэтым паглыбленьні і будзе адбывацца біялягічная ачыстка. Гэта будзе зялёная трава па пояс, гэта будуць буслы, жабы, вужы… то бок на гэтым пяшчаным кар’еры будзе аднаўляецца біяцэноз», - распавёў Алег Віцень. На пытаньне наконт таго, як будзе ўлічвацца меркаваньне жыхароў Баравухі аб будаўніцтве палігону, бізнэсмэн так і не адказаў, адзначыўшы толькі: «Калі не маю вытворчасьць там разьмесьцяць, то што-небудзь іншае паставяць. А паколькі я ствараю працоўныя месцы і вытворчасьць экалягічна чыстую, дык лепш разьмясьціць маё, чымся калюмбар, або складаваць туды ЦБА».

Алег Віцень лічыць, што ў гэтым ажыятажы вакол палігону збольшага вінаваты ён сам: «Атрымаўшы дазвол на праектаваньне і правядзеньне работ, мы пачалі гэтыя працы да стварэньня працоўных месцаў і да таго, як завозіць туды грунт для ачысткі. Зрабіў зьезд, зрабіў разьметку, прабурыў артэзіянскую сьвідравіну… Высьветлілася, што мясцовыя жыхары робяць там вогнішчы, стрэльбішчы, закопваюць хатніх жывёлаў, звозяць побытавыя адходы, ускрылі маю сьвідравіну і пачалі кідаць туды дохлых катоў… Гэта значыць вядуць актыўную дзейнасьць на чужой тэрыторыі. Таму я павесіў папярэджаньне пра небясьпеку і нават падаў там свой мабільны тэлефон, каб людзі ведалі, што гэта не “прахадны двор” або месца для збору грыбоў».

Паводле словаў Алега Віценя, найбліжэйшым часам ён павінен атрымаць дакумэнт пад назвай “Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе”. «Калі ён у мяне будзе, я праз сельсавет або эколягаў арганізую грамадзкія слуханьні, на якіх ўсё падрабязна распавяду», - запэўніў прадпрымальнік.

Крыніца: Хімік.інфо

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.