web analytics
Віцебскія сацыял-дэмакраты далучыліся да кампаніі “За бязьядзерны рэгіён” » article » За правы чалавека

Віцебскія сацыял-дэмакраты далучыліся да кампаніі “За бязьядзерны рэгіён”

30 October 2011 | admin |

PhotobucketЯк вядома, кіраўніцтвы трох краін Балтыйскага рэгіёну прынялі рашэньне аб будаўніцтве атамных электрастанцыяў у непасрэднай блізкасьці ад дзяржаўных межаў іншых краінаў. Тры АЭС — Балтыйская, Вісагінская, Астравецкая — будуць разьмешчаныя ў непасрэднай блізкасьці адна ад другой, на адлегласьці, якая не перавышае 350 кілямэтраў. І ў той самы час зона радыяцыйнага ўзьдзеяньня кожнай зь іх, у выпадку аварыі, можа скласьці больш за тысячы кілямэтраў. Гэта пацьвярджае досьвед аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а крыху пазьней - і аварыі на японскай станцыі “Фукусіма-1”.

У Дэклярацыі, падпісанай грамадзкай кампаніяй “За бязьядзерны рэгіён”, заяўлена: “Мы лічым недапушчальным далейшае радыяцыйнае ўзьдзеяньне АЭС на нашу прыроду і насельніцтва, як у аварыйным, так і безаварыйным рэжымах. Мы ня хочам узвальваць на свае плечы і плечы нашых нашчадкаў небясьпечны груз ядзерных адыходаў, якія захоўваюць небясьпеку на працягу соцень гадоў”.

Гаворыць актывіст кампаніі, сябра Віцебскай абласной арганізацыі БСДП, навапалачанін Яўген Вільскі: “Мы сьвядома ўключыліся ў гэтую кампанію, бо жывем у складаным рэгіёне, дзе размешчаныя вытворчасьці па перапрацоўцы нафты і іншыя буйныя прамысловыя прадпрыемствы. І ведаем іх уплыў на навакольнае асяродзьдзе і здароўе людзей. А беларусы ў поўнай ступені адчулі на сабе ўплыў наступстваў Чарнобыльскай станцыі.

Трэба шукаць іншыя крыніцы забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны. Тым больш, што пры вызначэньні пляцоўкі для будаўніцтва АЭС у нашай краіне грамадзтва, па сутнасьці, было адхіленае ад удзелу ў абмеркаваньні гэтай праблемы. У рамках кампаніі мы дзейнічаем выключна міралюбівымі сродкамі і на падставе дзеючага заканадаўства спрабуем дабівацца таго, каб нашы краіны сталіся тэрыторыямі з устойлівай, бясьпечнай энэргетыкай без АЭС”.

Крыніца: Сайт прыхільнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.