web analytics
Аршанскія актывісты ўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў » article » За правы чалавека

Аршанскія актывісты ўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

30 October 2011 | admin |

Photobucket30 кастрычніка прадстаўнікі розных партыяў і арганізацыяў сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая Гара. «Мы прыбралі сьмецьце вакол мэмарыяльнага знаку, усталяванага тут у памяць пра растраляных людзей. Пафарбавалі крыжы, якія тут паставілі сваякі расстраляных ахвяраў сталінізму», — апавёў сябра аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўген Анішчанка.

Урочышча Кабыляцкая Гара знаходзіцца недалёка ад Воршы, каля пасёлку Андрэеўшчына. У гэтых мясьцінах пад Воршай у 1930-50-я гады праводзіліся расстрэлы мірнага насельніцтва — ахвяраў таталітарызму сталінскіх часоў. Паводле некаторых дадзеных, тут было 7 ці 8 масавых пахаваньняў, але дакладную колькасьць ахвяраў сталінізму, якія знайшлі тут апошні спачын, ня ведае ніхто.

Парэшткі забітых людзей былі знойдзеныя ў Кабыляцкай Гары яшчэ ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя, калі будавалі чыгунку да станцыі Ворша-Паўночная. Але толькі пасьля таго, як Беларусь даведалася пра менскія Курапаты, і ў Воршы была створаная адмысловая камісія па вывучэньні пахаваньняў.

На загад Аршанскага гарвыканкаму ў 1992-м годзе на Кабыляцкай Гары быў усталяваны вялікі помнік-камень. Добраўпарадкаваньнем мэмарыялу ўсе гэтыя гады займаюцца толькі мясцовыя актывісты. Аршанскія актывісты зьбіраюцца ў гэтых мясьцінах штогод — або на Дзяды, або напярэдадні.

Крыніца: Радыё Свабода

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.