web analytics
На Віцебшчыне квітнее махлярства, а міліцыянты нічога ня робяць » article » За правы чалавека

На Віцебшчыне квітнее махлярства, а міліцыянты нічога ня робяць

27 October 2011 | admin |

PhotobucketДа такой высновы прыйшоў памочнік прэзыдэнта, галоўны інпэктар па Віцебскай вобласьці Мікалай Дамашкевіч (на фота). Ён прыяжджаў на прыём грамадзянаў, і людзі распавялі яму пра свае марныя звароты ў міліцыю. Паводле Мікалая Дамашкевіча, у Віцебскай вобласьці завялася цэлая сэрыя ашуканцаў, якія выманьваюць у грамадзян грошы. Людзі зьвяртаюцца ў праваахоўную сыстэму, а яна бязьдзейнічае, дэманструючы цяганіну і бюракратызм.

“Паглядзіце, палова пытаньняў прыёму тычыцца бязьдзейнасьці праваахоўных ворганаў, гэта махровыя бюракраты ў пагонах. Той адмяніў, той вярнуў, гэты прыпыніў”, - канстатаваў Мікалай Дамашкевіч, падкрэсьліўшы, што пытаньні па заявах, зьвязаных з абаронай інтарэсаў грамадзян у некаторых выпадках не вырашаюцца гадамі. І вал гэтых пытаньняў пастаянна расьце, паведамляе БЕЛТА.

На прыёме ў Мікалая Дамашкевіча пабывалі каля 30 жыхароў рэгіёну. На дзейнасьць – а дакладней, бязьдзейнасьць супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі скардзіцца тыя, хто ў ворганах МУС ужо вычарпаў усе магчымасьці адшукаць справядлівасьць. Ускосным сьведчаньнем таго, што міліцыя дрэнна робіць сваю справу, можна лічыць падвышэньне актыўнасьці грамадзян, якія вымушаныя самі змагацца супраць злачынцаў і правапарушальнікаў.

Віцебская абласная газэта “Народнае слова” цытуе начальніка ўправы ўнутраных спраў аблвыканкаму Аляксандра Найдзенку, які распавёў пра тое, як звычайныя грамадзяне перасьледавалі злодзеяў або выкрывалі рабаўнікоў, не спадзеючыся на міліцыю: “Калі за ўвесь мінулы год пры помачы насельніцтва ў вобласьці было раскрыта больш за 50 злачынстваў, то сёньня гэтулькі ж толькі за дзевяць месяцаў”.

“Добраахвотных памочнікаў міліцыі” гэтая структура час ад часу зьбірае ва ўрачыстай абстаноўцы і дорыць падарункі – сувэніры, кветкі, іншым разам грашовыя прэміі. Але найлепш было б пазбавіць прэміяў міліцыянтаў, якія ня рупяцца, каб дапамагчы грамадзянам – так мяркуюць тыя, хто справядлівасьці ў міліцыі не дамогся.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар “Вясна”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.